Заходнюю мяжу «штурмавала» рэкордная колькасьць мігрантаў. Польскія спэцслужбы заявілі, што Беларусь «прыкрывае кран»

У Польшчы зафіксавалі рэкордную колькасьць спробаў пераходу мяжы мігрантамі. Напярэдадні прадстаўнік польскіх спэцслужбаў заявіў, што Беларусь перастала прымаць пасажыраў з ірацкага гораду Эрбіль, а таксама прымаць заяўкі на візы ў пяці краінах.

6 кастрычніка польскія памежнікі зафіксавалі 667 спробаў незаконнага пранікненьня на тэрыторыю Польшчы, 7 мігрантаў затрымалі, астатніх разьвярнулі. 13 чалавек затрымалі за дапамаганьне мігрантам.

Гэта найвялікшая колькасьць спробаў трапіць у Польшчу па-за пунктамі пропуску за дзень. Міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы пачаўся ў жніўні. З таго часу польскія памежнікі разьвярнулі больш за 14 тысяч мігрантаў. Каля паўтары тысячы ўцекачоў затрымалі.

6 кастрычніка прадстаўнік міністра-каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын заявіў, што Беларусь перастала прымаць пасажыраў, якія ляцяць з чацьвёртага па велічыні гораду Эрбіль. Прычым Менск не прымае нават тых іракцаў, у каго ўжо ёсьць беларуская віза.

Таксама, паводле Жарына, Міністэрства замежных спраў Беларусі прыпыніла прыём заяў на візы ад грамадзянаў Ірану, Нігерыі, Пакістану, Сырыі і Эгіпту.

У Літве ўчора прадухілілі 61 спробу парушэньня мяжы, паведаміў Delfi.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дзьве гісторыі зь беларуска-польскай мяжы: адна мігрантка 20 дзён жыла паміж краінамі, другая нарадзіла на памежжы

Беларусь не выключае эскаляцыі на мяжы

6 кастрычніка дзяржсакратар Савету Бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч заявіў, што экспэрты NATO далі рэкамэндацыі Літве, як супрацьстаяць гібрыдным пагрозам.

«Не выключаем, што гэтыя парады могуць прывесьці да эскаляцыі сытуацыі», — працытавала Вальфовіча БелТА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Польшча будзе патруляваць мяжу зь Беларусьсю з дапамогай верталётаў