Фігурантка «справы Аўтуховіча» Галіна Дзербыш заявіла, што хоча адмовіцца ад беларускага грамадзянства

Галіна Дзербыш

Пра падачу адпаведнай заявы ў аддзел міграцыі жанчына паведаміла ў адным зь лістоў з турмы.

Па словах атрымальніцы ліста, зь якой зьвязалася Свабода, адной з прычын свайго рашэньня Дзербыш называла адмову ў сустрэчы з польскім консулам, нягледзячы на тое, што ў яе ёсьць грамадзянства гэтай краіны.

«Адвакату пра консула са студзеня казала. Але ўсё рана было. На двух крэслах вельмі цяжка сядзець, зваліцца можна. У выніку вымушаных абставінаў я падала заяву ў аддзел міграцыі аб адмове ад грамадзянства дзяржавы Беларусь», — напісала Дзербыш у лісьце.

Ліст Галіны Дзербыш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

59-гадовай Галіне Дзербыш з-пад Горадні пагражае да 20 гадоў калёніі


Пэнсіянэрку Галіну Дзербыш з Абухава Горадзенскай вобласьці затрымалі летась 10 сьнежня. Яна праходзіць па так званай «справе Аўтуховіча». Жанчыну падазраюць у акце тэрарызму, ёй пагражае да 20 гадоў зьняволеньня.

Дзербыш ужо споўнілася 60 гадоў. Усё жыцьцё працавала бухгальтарам у калгасе. Мае 2 групу інваліднасьці, бо перажыла цяжкую аварыю ў маладосьці. Нядаўна прайшла лекаваньне ад анкалёгіі. На працягу некалькіх месяцаў яна пад вартай у СІЗА № 1 Гродна. За гэты час у Галіны Дзербыш пагоршылася здароўе, пра гэта яна пісала ў лістах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Хадзілі, нюхалі каністры». Пад Горадняй затрымалі ў «справе Аўтуховіча» пэнсіянэрку з інваліднасьцю