Пісьменьніка і барда Анатоля Кудласевіча 30 верасьня аштрафавалі паводле ч. 1 адміністрацыйнага артыкулу 24.23 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Судзьдзя Фрунзэнскага раёну Ала Скуратовіч прысудзіла пісьменьніку 2900 рублёў за сьцяг на бальконе. Пры гэтым сьцяг быў «прыфаташоплены» самымі міліцыянтамі, каб паказаць суду «доказ» ягонай віны, сказаў Кудласевіч.
Перад ператрусам Кудласевічу заламалі рукі і паклалі на падлогу. Пры гэтым у пастанове на ператрус быў пазначаны іншы горад, ня Менск. Бард падрабязна расказаў, як рабілі вопіс і як зьдзекаваліся зь яго самога і рэчаў, у тым ліку сынавых, які прыйшоў з войска.
Сілавікі высыпалі на падлогу ўсе крупы, муку, макарону. Бард лічыць гэта спробай ГУБАЗіКу прадэманстраваць сваю ўладу. Адзін зь сілавікоў не хаваў нянавісьці да беларускага нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцяга і выказаў шкадаваньне, што цяпер «ня 1937 год».
Анатоль Кудласевіч — інвалід другой групы, у яго выдалена адно лёгкае з прычыны анкалёгіі. Праз праблемы зь ціскам трэба пастаянна прымаць лекі, інакш ён пачынае задыхацца.
Кватэра пасьля ператрусу
Кватэра Кудласевіча пасьля візыту ГУБАЗіКу
Літаратар не хаваў сваёй грамадзянскай пазыцыі, адкрыта выказваўся ў сацыяльных сетках, быў у камандзе Сяргея Ціханоўскага, езьдзіў зь ім па Беларусі. Летась, нягледзячы на інваліднасьць, Кудласевіча асудзілі на 10 сутак за «мітынг» падчас збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую.
У траўні 2021 году ў кватэру Кудласевіча ўжо прыходзілі, тады супраць барда былі падазрэньні ў «тэрарыстычнай дзейнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 30 верасьня: пагром у барда за сьцяг, ператрусы ў менскага анархіста і барысаўскага прадпрымальніка ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У пісьменніка Кудласевіча прайшоў ператрус, канфіскавалі ноўтбук і нацыянальны сьцяг