У МУС пабаяліся «дыскрэдытацыі органаў» і не далі статыстыку па артыкуле 23.34

Намесьнік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч

У Сеціве апублікавалі пэтыцыю з просьбай да МУС апублікаваць статыстыку па колькасьці асуджаных за парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Зварот падпісалі 34 асобы.

У канцы верасьня міністэрства даслала заяўнікам адказ, паведамляе Zerkalo.io.

Аўтары пэтыцыі цікавіліся, колькі чалавек за 2019 і 2020 гады прыцягнулі да адказнасьці па артыкуле за «Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў». У ранейшай рэдакцыі КаАП гэта быў арт. 23.34, у новай — 24.23.

29 верасьня з МУС прыйшоў адказ, падпісаны намесьнікам міністра Генадзем Казакевічам.

«Запытаная вамі інфармацыя можа быць выкарыстана ў якасьці падставы для дыскрэдытацыі органаў дзяржаўнай улады і кіраваньня Рэспублікі Беларусь, — піша намесьнік міністра, — а яе распаўсюд можа аказаць нэгатыўны ўплыў на стан правапарадку ў краіне, а таксама быць выкарыстаны для заклікаў, зьвернутых да розных арганізацыяў, зьдзейсьніць дзеяньні, накіраваныя на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь. У гэтай сувязі лічым, што запытаная інфармацыя адносіцца да інфармацыі абмежаванага распаўсюджваньня і не падлягае прадастаўленьню».

  • Раней на сайце МУС публікаваліся зьвесткі пра зарэгістраваныя адміністрацыйныя правапарушэньні, па якіх выносіліся пастановы аб накладаньні адміністрацыйнага спагнаньня. Пачынаючы з 2019 году гэтай інфармацыі няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 30 верасьня: пагром у барда за сьцяг, ператрусы ў менскага анархіста і барысаўскага прадпрымальніка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ПАРЭ стварае сталы орган па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі