Навіны палітвязьняў 30 верасьня: Шарэнду-Панасюк зьмясьцілі ў карцар, Судаленка напісаў аптымістычны ліст

Леанід Судаленка (у цэнтры) з калегамі-праваабаронцамі, архіўнае фота

Паводле зьвестак праваабаронцаў, на 30 верасьня 704 чалавекі у Беларусі прызнаныя палітычнымі вязьнямі. Якія навіны даходзяць з-за кратаў?

Шарэндзе-Панасюк пагражае крытая турма

Берасьцейскую актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк ізноў зьмясьцілі ў штрафны ізалятар. Чарговыя 10 сутак стануць трэцімі за паўтара месяца знаходжаньня ў гомельскай ПК-4.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьняў Паліну Шарэнду-Панасюк і сясьцёр Міронцавых паставілі на ўлік як «схільных да захопу закладнікаў»

Паводле Андрэя Шарэнды, мужа палітзьняволенай, 27 верасьня на яе склалі ўжо чацьвёрты рапарт за парушэньне дысцыпліны. Гэтым разам нібыта за рукі ў кішэнях. Адпаведна, пасьля карцара перавядуць альбо ў памяшканьне камэрнага тыпу тэрмінам на тры месяцы, дзе ўмовы ня лепшыя, альбо праз суд — у крытую турму, як гэта зрабілі з Натальляй Хершэ.

«Па сытуацыі з Палінай, Натальляй, Вольгай (Класкоўскай. — РС) зразумела: у ПК-4 мэтанакіравана катуюць жанчын-палітвязьняў, зьмяшчаючы іх у нялюдзкія ўмовы. Гэта робіцца, каб зламаць іхную волю і прымусіць падпісаць памілаваньне. Адказны за катаваньні — начальнік установы Дзяніс Талсьцянкоў. Спадзяюся, яго ўнясуць ва ўсе санкцыйныя сьпісы злачынцаў рэжыму. Натальля Хершэ калі даведалася, што яе пераводзяць у мужчынскую турму, нават уздыхнула з палёгкай, бо горшыя ўмовы, чым у ПК-4, цяжка ўявіць», — зазначыў Андрэй Шарэнда.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволеная Натальля Хершэ паведаміла, што яе пераводзяць у магілёўскую турму

Ён упэўнены: нягледзячы ні на што, ягоная жонка вытрымае. У адным з апошніх лістоў яна пісала, што гатовая да маратонскай дыстанцыі, таму будзе стаяць на сваім.

Судаленка застаецца з «сумленьнем і праўдай»

Палітычны вязень з Гомля, праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка падзяліўся ў лісьце з-за кратаў думкамі пра сваё зняволеньне.

«Я ўжо страціў і страчу на будучы час свабоду, але застаюся з галоўным — сваім сумленьнем і праўдай. А зь імі любыя выпрабаваньні ня страшныя. Усё праходзіць, і гэта пройдзе. Я два дзясяткі гадоў займаўся абаронай правоў іншых людзей і ў страшным сьне ня мог уявіць , што гэтую дапамогу ператвораць у крымінал».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цёмныя справы робяцца за замкнёнымі дзьвярыма». Леанід Судаленка пра закрыты суд над ім і калегамі

Суд Цэнтральнага раёну Гомля пачаў 3 верасьня разгляд справы праваабаронцы «Вясны» Леаніда Судаленкі і валянтэрак арганізацыі Тацяны Ласіцы і Марыі Тарасенкі.

Усіх вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), а таксама ў фінансаваньні або матэрыяльным забесьпячэньні такіх дзеяньняў (ч. 2 арт. 342 КК).

На хадайніцтва пракурораў працэс адбываецца ў закрытым рэжыме.