Канстытуцыйны суд: Пытаньне аб адмене сьмяротнага пакараньня прызнанае немэтазгодным

Асуджаныя да сьмяротнага пакараньня, архіўнае фота

Улады прапануюць у пэрспэктыве правесьці асобны рэфэрэндум у пытаньні захаваньня ці адмены сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Але цяпер гэта «не актуальна».

Па выніках абмеркаваньня ў Аляксандра Лукашэнкі прапаноў наконт зьмены Асноўнага Закону старшыня Канстытуцыйнага суду і адпаведнай камісіі Пётар Міклашэвіч закрануў пытаньне сьмяротнай кары.

Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе няма мараторыю на вышэйшую меру пакараньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынесьлі першы сёлетні сьмяротны прысуд

Паводле чыноўніка, сёньня ставіць пытаньне аб зьмене парадку ўжываньня сьмяротнага пакараньня прызнана немэтазгодным, паколькі гэта «вельмі адчувальны момант».

«Пытаньне ўжо разглядалася на рэфэрэндуме 1996 году. І для правядзеньня спэцыяльнага рэфэрэндуму патрабуецца адпаведная праца, сацыялягічныя дасьледаваньні, тлумачальная праца і праверка гатоўнасьці грамадзтва да прыняцьця такога адказнага рашэньня», — цытуе БелТА кіраўніка Канстытуцыйнага суду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На дыскусіі пра сьмяротнае пакараньне ў Беларусі праваабаронцы абсьмяялі дэпутатаў

Артыкул 24 дзейнай Канстытуцыі Беларусі прадугледжвае магчымасьць прымяненьня сьмяротнага пакараньня.