Аляксей Навальны, Леанід Волкаў і Іван Жданаў падазраюцца ў стварэньні супольнасьці і кіраваньні ёю. Любоў Собаль і яшчэ некалькі чалавек — ва ўдзеле ў ёй.
Сьцьвярджаецца, што ў 2014 годзе Навальны стварыў экстрэмісцкую супольнасьць, а Волкаў і Жданаў неўзабаве да яе далучыліся. Такой супольнасьцю, вынікае з паведамленьня ведамства, сьледзтва лічыць Фонд барацьбы з карупцыяй (арганізацыя забароненая ў Расеі і прызнаная экстрэмісцкай) і штабы прыхільнікаў палітыка.
Паводле СК, супрацьпраўная дзейнасьць была накіраваная, у прыватнасьці, на дыскрэдытацыю органаў дзяржаўнай улады і іх палітыкі, дэстабілізацыю абстаноўкі ў рэгіёнах і стварэньне пратэставага настрою ў насельніцтва. Адным са спосабаў распаўсюджваньня забароненай інфармацыі сьледзтва назвала асабісты ютуб-канал Навальнага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кніга прамоваў Навальнага ў судзе— адна з самых прадаваных у Нямеччыне- Большасьць згаданых Сьледчым камітэтам падазраваных знаходзяцца за мяжой. Сам Навальны — у папраўчай калёніі ва Ўладзімірскай вобласьці. Там ён адбывае пакараньне па крымінальнай справе аб махлярстве. Тэрмін яго пакараньня скончыцца ўвосень 2023 году.
- Супраць Навальнага і яго паплечнікаў узбуджаныя і іншыя крымінальныя справы, у тым ліку — аб махлярстве ў асабліва буйным памеры (за растрату грошай ягоных фондаў) і аб абразе маскоўскай судзьдзі Веры Акімавай.
- Прыхільнікі апазыцыянэра ўпэўненыя, што перасьлед яго зьвязаны выключна зь ягонай палітычнай дзейнасьцю. Яго прызнаў палітвязьнем шэраг аўтарытэтных праваабарончых арганізацый, міжнародная група Amnesty International прызнае яго вязьнем сумленьня.