Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын агучыў апошнюю інфармацыю ведамстваў, якія працуюць з затрыманымі пасьля незаконнага пераходу мяжы мігрантамі.
«20% затрыманых у Польшчы нелегальных мігрантаў мелі сувязі, часта на працягу многіх гадоў, з тэрыторыяй Расейскай Фэдэрацыі. Некаторыя зь іх хаваюць гэты факт, спрабуючы пераканаць нас у тым, што ня маюць дачыненьня да Расеі, аднак дакумэнты і іншыя доказы супярэчаць іхным запэўніваньням», — цытуе прэс-сакратара агенцтва PAP.
У Варшаве прайшла прэс-канфэрэнцыя міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Марыюша Каміньскага, міністра нацыянальнай абароны Польшчы Марыюша Блашчака і галоўнага камэнданта Памежнай варты краіны Томаша Прагі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пуцін хоча, каб Эўропа папрасіла яго вырашыць праблему з Лукашэнкам, — Павал Вусаў пра міграцыйны крызісСтаніслаў Жарын дадаў, што падчас допытаў мігранты робяць розныя спробы схаваць сваю сапраўдную асобу або ўтоіць інфармацыю, якая для іх нязручная.
Беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі. Падобная сытуацыя назіраецца і ў Літве. Як сказаў Жарын, літоўскі бок перадаў палякам інфармацыю, што ў мігрантаў, якія прыйшлі зь Беларусі, знайшлі мэтадон, які далі ім на тэрыторыі Беларусі.
Марыюш Каміньскі, у сваю чаргу, дадаў, што гэты выпадак адбыўся яшчэ 22 ліпеня. Тады літоўскія памежнікі затрымалі 15 грамадзян Іраку, а таксама Расеі. Апошнія мелі чачэнскае паходжаньне, яны сказалі, што ня могуць разбудзіць сваіх дзяцей, якім 6 і 1,5 года. Як выявілася, беларускі памежнік даў ім таблеткі, «каб дзеці ня плакалі на мяжы». Гэта быў мэтадон.
Таксама чыноўнік сказаў, што захоўваецца небясьпека правакацый зь беларускага боку, аднак «польскія памежнікі маюць сталёвыя нэрвы, бо ведаюць, з кім маюць справу». Згодна зь ягонымі словамі, польскія памежнікі, якія ставяць агароджу на мяжы або правяраюць яе стан, штодня сутыкаюцца з сытуацыямі накшталт пэтардаў, што ляцяць у іх бок, або падазронымі пакетамі, падобнымі да выбухоўкі. Правакацыі зь беларускага боку здараюцца штодня.
Кіраўнік польскага МУС парэкамэндаваў ураду падоўжыць надзвычайнае становішча ў памежных зь Беларусьсю раёнах яшчэ на 60 дзён. Крызіс зь мігрантамі ня толькі працягваецца, але і разьвіваецца, колькасьць правакацый на мяжы расьце. Агульная колькасьць спробаў нелегальна перайсьці мяжу, прадухіленых польскімі службоўцамі, дасягнула 9400 выпадкаў, сказаў ён.
З 200 чалавек, якія ўтрымліваюцца ў лягеры для ўцекачоў, у 50 на носьбітах інфармацыі знайшлі «прыкметы радыкалізму». Як кажа Каміньскі, некаторыя з гэтых людзей маюць дачыненьне да ўзброеных фармаваньняў на Блізкім Усходзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Сырыйцаў зь відам на жыхарства ў Нямеччыне затрымалі за спрыяньне нелегальнай міграцыі празь БеларусьКіраўнік Міністэрства абароны Марыюш Блашчак паведаміў пра 2,5 тысячы жаўнераў, якіх плянуюць накіраваць на ўзмацненьне аховы мяжы найбліжэйшым часам. Патрэба ў гэтым вырасла. На гэты момант мяжу зь Беларусьсю ахоўваюць каля 4 тысяч памежнікаў, ім дапамагаюць каля 600 паліцыянтаў. Войскі тэрытарыяльнай абароны таксама напагатове.
Раней прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прэм’ер-міністар Польшчы: Мігранцкі крызіс – гэта сцэнар, напісаны ў Менску і Маскве