Сырыйцаў зь відам на жыхарства ў Нямеччыне затрымалі за спрыяньне нелегальнай міграцыі празь Беларусь

Атрад польскіх памежнікаў

Наплыў мігрантаў у Эўропу праз тэрыторыю Беларусі працягнуўся і ў выходныя. У Польшчы затрымалі сырыйцаў зь Нямеччыны, а ў Літве зь лягеру ўцяклі звыш 20 мігрантаў.

Польскія памежнікі за мінулыя суткі прадухілілі 218 спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі.

Акрамя таго, Памежная варта суседняй краіны затрымала 6 чалавек — усіх за спрыяньне незаконнаму пераходу мяжы, гэта па двое грамадзян Польшчы і Сырыі, па адным Беларусі і Азэрбайджану.

Адзначаецца, што затрыманыя грамадзяне Сырыі маюць нямецкі від на жыхарства. Пры ранейшых затрыманьнях іншаземцаў азіяцкага паходжаньня за спрыяньне парушэньням мяжы польскі бок не паведамляў пра наяўнасьць у іх афіцыйных дакумэнтаў краінаў Эўразьвязу; ня выключана, што гэта першы падобны выпадак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Цэнтар прыёму ўцекачоў на ўсходзе Нямеччыны перапоўнены мігрантамі, якія прыйшлі зь Беларусі

21 верасьня Польшча дэпартавала першых іншаземцаў, якія былі ўцягнутыя ў нелегальны бізнэс і дапамагалі мігрантам незаконным чынам трапляць у Эўразьвяз.

У літоўскай Руклі ў нядзелю пасьля хваляваньняў зь лягеру для ўцекачоў зьбег 21 чалавек. Паліцыя пакуль не змагла іх знайсьці, паведамляе Delfi. Паводле кіраўніка Службы грамадзкай бясьпекі Рычардаса Поцыюса, вялікага бунту не было, аднак мігрантам удалося ўцячы. Яны збольшага былі незадаволеныя бытавымі ўмовамі ў лягеры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Польскі блогер апублікаваў здымкі ўцекачоў, якія прыйшлі зь Беларусі. Яны 21 дзень блукалі па лесе

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Польшча дэпартавала першых парушальнікаў, якія дапамагалі мігрантам незаконна перасякаць мяжу