У Афганістане талібы публічна павесілі целы пакараных, — СМІ

Талібы павесілі некалькі трупаў на будаўнічых кранах у горадзе Герат на захадзе Афганістана, паведамляюць мясцовыя СМІ і сьведкі.

Прадстаўнік брытанскага ВВС са спасылкай на двух мясцовых рэпарцёраў заявіў, што целы чатырох чалавек, абвінавачаных у выкраданьні людзей, былі павешаныя ў некалькіх частках Герату.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Афганістан: Праваабаронцы абвінавачваюць Талібан у маштабным парушэньні правоў жанчын у Гераце

Намесьнік губэрнатара правінцыі, член Талібану заявіў, што мужчыны былі забітыя падчас наўпроставых сутыкненьняў з байцамі Талібану пасьля выкраданьня гандляра і яго сына, якія пазьней былі вызваленыя.

«Іх цела павесілі на гарадзкіх плошчах у якасьці прыкладу для іншых выкрадальнікаў. Іх павесілі, каб ніхто не адважыўся на такое злачынства», — сказаў ён агенцтву DPA.

Адзін з заснавальнікаў Талібану мула Нурудзін Турабі заявіў агенцтву Associated Press на гэтым тыдні, што радыкальны рух вернецца да расстрэлаў і ампутацый, хоць, магчыма, і не публічна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Талібы зьбіраюцца аднавіць цялесныя пакараньні

Падчас жорсткага кіраваньня талібаў у Афганістане з 1996 па 2001 год талібы былі вядомыя тым, што каралі злачынствы публічным зьбіцьцём, публічна забівалі камянямі людзей і ампутавалі канечнасьці.