«Дядя Вова, мы с тобой». Акцыю расейскіх камуністаў глушылі песьняй пра Пуціна

Акцыя камуністаў у Маскве 25 верасьня.

У Маскве на Пушкінскай плошчы прайшла няўзгодненая акцыя КПРФ. Сябры партыі і іх прыхільнікі выказалі нязгоду з вынікамі выбараў у Дзярждуму.

Паводле афіцыйных вынікаў, парлямэнцкую і канстытуцыйную большасьць у Думе новага скліканьня атрымала партыя «Адзіная Расея».

Паводле ацэнак журналістаў, у ёй прынялі ўдзел каля тысячы чалавек. Маскоўская міліцыя паведаміла пра 400 удзельнікаў.

Падчас акцыі на плошчы трансьлявалі песьню «Дядя Вова, мы с тобой».

Лідэра партыі Генадзя Зюганава на мітынгу не было. Ён браў удзел у сустрэчы лідэраў партый, якая прайшлі ў Дзярждуме з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЦВК Расеі падлічыў 100% пратаколаў. У Дзярждуму прайшло пяць партый

На мерапрыемства прыйшлі члены пракрамлёўскага руху НОД, вядомага правакацыямі ў дачыненьні да ўдзельнікаў апазыцыйных акцый. На акцыі КПРФ яны, па сьведчаньнях відавочцаў, сталі завадатарамі бойкі. Паліцыя ўмешвацца ня стала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад кантролем Крамля. Як у Расеі прайшоў асноўны дзень выбараў у Дзярждуму. ВІДЭА

Напярэдадні акцыі ў Маскве былі затрыманыя некалькі чалавек, сярод якіх каардынатар руху «Левы фронт» Сяргей Удальцоў. На іх склалі адміністрацыйныя пратаколы па артыкуле за парушэньне парадку правядзеньня мітынгу.

У суботу Удальцова арыштавалі на 10 сутак. Па словах апазыцыянэра, суд прызнаў яго вінаватым у арганізацыі няўзгодненай акцыі 25 верасьня. Удальцоў мае намер абскардзіць рашэньне. Па словах лідэра «Левага фронту», ён анансаваў у сацсетках сустрэчу з выбаршчыкамі. У знак пратэсту Удальцоў абвясьціў галадоўку.

У Маскве паліцыя затрымлівала ўдзельнікаў акцыі 20 верасьня на Пушкінскай плошчы супраць вынікаў выбараў у Дзярждуму.