Музыку гурту Favourite Mirror і ягоную маці арыштавалі другі раз запар

Турма на Акрэсьціна. Ілюстрацыйнае фота.

Раней мянчук заяўляў пра катаваньні.

35-гадовага музыку і гукарэжысэра Аляксея Бусла разам з 68-гадовай маці, настаўніцай фартэпіяна Тацянай Бусел затрымалі раніцай 9 верасьня на дваровым маршы ў менскай Кунцаўшчыне, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

У кватэры сям’і супрацоўнікі ГУБАЗіК правялі ператрус. 10 верасьня судзьдзя Натальля Бугук пакарала Аляксея і Тацяну 15-суткавымі арыштамі за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». Паведамляецца, што Тацяну затрымалі выпадкова — яна адмовілася адыходзіць ад сына, якога на яе вачах зьбівалі міліцыянты, таму сама паехала за ім. Але ва ўпраўленьні на яе таксама склалі пратакол.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стымулявалі адказваць ударамі і электрашокерам». Хроніка перасьледу 11 верасьня

На судзе Аляксей заявіў, што «супрацоўнікі ГУБАЗіК ужывалі фізычную сілу і стымулявалі адказваць ударамі і электрашокерам».

Раніцай 24 верасьня маці і сын павінны былі выйсьці на волю, але дома так і не зьявіліся. Пазьней стала вядома, што іх «перазатрымалі» па новых пратаколах.

Іх справы 24 верасьня разгледзелі ў судзе Фрунзэнскага раёну. Судовыя працэсы вялі судзьдзі Ала Скуратовіч і Дзьмітрый Лукашэвіч.

Гэтым разам на Аляксея і Тацяну ў Фрунзэнскім РУУСе склалі пратаколы за дробнае хуліганства, іх абвінавацілі ў тым, што падчас «прафіляктычнай гутаркі» яны «агрэсіўна і з выклікам сябе паводзілі, гучна крычалі, размахвалі рукамі і на заўвагі супакоіцца не рэагавалі». На судзе стала вядома, што нават пратаколы міліцыянты падпісваюць зьмененымі прозьвішчамі. У выніку маці і сына арыштавалі на 13 і 15 сутак адпаведна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 24 верасьня: жыхара Баранавічаў асудзілі на 2 гады калёніі за камэнтары ў «Аднаклясьніках»