Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла законапраект аб алігархах

Дах будынка Вярхоўнай Рады Ўкраіны

Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла ў канчатковым чытаньні законапраект аб алігархах, прапанаваны раней прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім

За яго прыняцьце выказаліся 279 дэпутатаў пры неабходных 226. У падтрымку законапраекту галасавалі амаль усе прадстаўнікі прэзыдэнцкай партыі «Слуга народу», якая мае ў парлямэнце большасьць. Апазыцыя галасавала супраць, прычым як прыхільнікі былога прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, гэтак і «Апазыцыйная плятформа — За жыцьцё», якая лічыцца прарасейскай.

Закон дае вызначэньне «алігарха» — гэта чалавек, які мае значную эканамічную і палітычную вагу ў грамадзкім жыцьці. Алігархам будуць называць асобу, якая адпавядае прынамсі тром прапісаным у законе крытэрам:

  • удзельнічае ў палітычным жыцьці;
  • мае значны ўплыў на СМІ;
  • зьяўляецца канчатковым бэнэфіцыярным уладальнікам прадпрыемства, які займае манапольнае становішча на рынку і на працягу году падтрымлівае або ўзмацняе такое становішча;
  • пацьверджаны кошт яго актываў павінен перавышаць 2 мільярды 270 мільёнаў грыўняў (каля 80 мільёнаў даляраў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі чалавека, які ў Кіеве абліў зялёнкай экс-прэзыдэнта Ўкраіны Парашэнку

Рашэньне аб тым, каго лічыць алігархам, будзе прымаць Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны. Яна будзе таксама весьці рэестар алігархаў. Людзям з гэтага рэестру будзе забаронена рабіць унёскі ў падтрымку палітычных партый, яны павінны будуць даваць справаздачу аб сваіх сустрэчах зь дзяржаўнымі службоўцамі і выконваць яшчэ шэраг патрабаваньняў.

Апазыцыя асьцерагаецца, што закон будзе ўжывацца супраць палітычных апанэнтаў дзейнай улады — у прыватнасьці, у адпаведнасьці зь ім алігархам можа быць прызнаны былы прэзыдэнт, лідэр партыі «Эўрапейская салідарнасьць», буйны бізнэсовец Пятро Парашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адказ будзе моцным». Зяленскі пракамэнтаваў замах на свайго першага дарадцу

Кіраўнік Вярхоўнай рады Дзьмітры Разумкоў, які лічыў законапраект не гатовым да разгляду, цяпер на самаізаляцыі праз COVID-19, пасяджэньня Рады ён ня вёў. Разумкова публічна крытыкавалі прадстаўнікі «Слугі народу», у прэсе зьявіліся паведамленьні, што магчымая яго адстаўка.

Алігархамі ў Расеі, Украіне і іншых краінах традыцыйна называюць людзей, якія маюць значныя актывы і аказваюць уплыў на палітыку. Пры гэтым украінскія алігархі — да ліку якіх у розны час адносілі Рыната Ахметава, Ігара Каламойскага, Віктара Медзьведчука, Дзьмітрыя Фірташа, Віктара Пінчука, Пятра Парашэнку і іншых — як правіла, падтрымліваюць розныя палітычныя сілы.