Беларускія музыкі Варшавы заснавалі Свабодны аркестар і зайгралі ў падтрымку гурту Irdorath. ВІДЭА

На канцэрце Irdorath, архіўнае фота

Прафэсійныя беларускія музыкі, якія аб’ядналіся ў Warsaw Freedom Orchestra, падтрымалі зьняволеных музыкаў гурту Irdorath, выканаўшы песьню «Перемен» Віктара Цоя.

У Warsaw Freedom Orchestra ўваходзяць беларускія эмігранты розных гадоў, сярод іх ёсьць і людзі, якія пакінулі радзіму з палітычных матываў пасьля сфальсыфікаваных выбараў 2020 году, піша Эўрарадыё.

Кіраўнік аркестру Сяржук Доўгушаў расказаў, што песьню выканалі, каб падтрымаць калегаў-музыкаў, якіх безь віны трымаюць за кратамі і нават не вядуць у дачыненьні да іх ніякіх сьледчых дзеяньняў.

У рэпэртуары аркестру — творы беларускіх кампазытараў ад эпохі барока да XXI стагодзьдзя. Гэта гімны, запісаныя ў зборніках XVI стагодзьдзя, палянэзы Агінскага, маршы і песьні кампазытараў XIX і XX стагодзьдзяў, творы сучасных кампазытараў, а таксама апрацоўкі папулярных песень беларускай рэвалюцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прачынаюся а 7-й раніцы і „бамблю“ праекты». Сьпявак Сяржук Доўгушаў пра жыцьцё за мяжой і творчасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Моц у тым, што ў цябе няма зброі». Як беларускія артысты і мастакі працягваюць сваю справу ў Польшчы