Мін’юст хоча ліквідаваць «Гавары праўду»

Старшыня «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў, архіўнае фота

Вярхоўны суд разгледзіць пазоў пра ліквідацыю «Гавары праўду» 5 кастрычніка, перадае «Интерфакс-Запад».

«Гавары праўду» — грамадзкая кампанія, распачатая 25 лютага 2010 году. Яе ініцыятар — вядомы беларускі паэт Уладзімер Някляеў, які быў адным з кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году. У красавіку 2015 году Някляеў пакінуў кампанію, яе новым кіраўніком стаў Андрэй Дзьмітрыеў. Ён быў кандыдатам у прэзыдэнты ў 2020 годзе.

13 ліпеня стала вядома, што Мін’юст пачаў пазаплянавую праверку дзейнасьці «Гавары праўду». 15 ліпеня сілавікі правялі ў офісе арганізацыі вобшук.

12 жніўня Андрэя Дзьмітрыева дапыталі ў рамках крымінальнай справы. Якой — ён ня можа назваць праз падпіску аб невыдаваньні.

«Гавары праўду» зарэгістраваная як грамадзкая арганізацыя, аднак сёлета Андрэй Дзьмітрыеў абвясьціў намер стварыць на яе базе палітычную партыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Таварыства беларускай школы зьліквідавалі на ягонае 100-годзьдзе

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня ў Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў. Геаграфія зьліквідаваных уладамі ўстановаў ахапіла практычна ўсю Беларусь.

Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паразумецца з уладамі магчыма, але не з Лукашэнкам», — намесьнік старшыні Партыі БНФ