Пэнтагон папрасіў прабачэньня за «трагічную памылку», ад якой загінулі мірныя афганцы

Міністар абароны ЗША Лойд Остын

Амэрыканскае вайсковае камандаваньне прынесла прабачэньні за сьмерць грамадзянскіх асоб пры ўдары дрона ў Кабуле 29 жніўня, калі спрабавалі забіць тэрарыста-самагубцу з групоўкі «Ісламская дзяржава».

Гэтая атака была праведзеная праз тры дні пасьля таго, як тэрарысты «Ісламскай дзяржавы» забілі 13 амэрыканскіх вайскоўцаў і больш за 160 афганцаў, якія чакалі эвакуацыі ў аэрапорце Кабулу. Акрамя таго, амэрыканскі бесьпілётнік нанёс удар на ўсходзе Афганістана, зьнішчыўшы двух тэрарыстаў.

Як паведамляе «Голас Амэрыкі», Міністэрства абароны ЗША назвала сьмерць дзесяці грамадзянскіх асоб, у тым ліку сямі дзяцей, «трагічнай памылкай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго чакаць у Афганістане цяпер, калі амэрыканскія войскі пакінулі краіну. 4 пытаньні і адказы

Кіраўнік Цэнтральнага камандаваньня ЗША генэрал Фрэнк Макензі заявіў, што падчас загаду аб атацы 29 жніўня ён быў упэўнены, што тэрарыст стварае непасрэдную небясьпеку для амэрыканскіх вайскоўцаў і грамадзянскіх асоб у аэрапорце Кабулу.

Міністар абароны ЗША Лойд Остын апублікаваў заяву ў якой паведамляецца, што ў выніку атакі загінуў мужчына, які працаваў на міжнародную дабрачынную арганізацыю. «Мы прыносім прабачэньні і зробім высновы з гэтай жудаснай памылкі», — гаворыцца ў заяве Остына.