Ціханоўская пра праграмы інтэграцыі з Расеяй: Лукашэнка ня мае паўнамоцтваў заключаць зьдзелкі ад імя народу

Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

Сьвятлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у онлайн-канфэрэнцыі эканамічнай пляцоўкі «Беларуска-расейскі экспэртны дыялёг». Сама яна цяпер у Парыжы, дзе сустракаецца з францускімі палітыкамі і грамадзкімі дзеячамі.

Сьвятлана Ціханоўская падкрэсьліла важнасьць эканамічных стасункаў Беларусі і Расеі, але пры гэтым адзначыла: улады Беларусі сваёй палітыкай давялі сытуацыю да такога стану, што ўсходні напрамак застаўся безальтэрнатыўным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апублікавалі сьпіс праграм «саюзнай дзяржавы», якія плянуюць падпісаць 4 лістапада. Што ў іх?

«У той час як Лукашэнка падпісвае „дарожныя мапы інтэграцыі“, беларусы працягваюць адстойваць сувэрэнітэт, якім ён бессаромна гандлюе.

Таму я хачу нагадаць, што новая ўлада можа не прызнаць дамоўленасьці Лукашэнкі пасьля 5 лістапада 2020 году, бо гэта дамоўленасьці чалавека, які нелегітымна ўтрымлівае ўладу тэрорам і больш ня мае паўнамоцтваў выступаць і заключаць зьдзелкі ад імя народу.

Ня ведаю, на што разьлічваюць у Крамлі, ведучы зь ім перамовы... Пры новай уладзе больш ня будзе закулісных угодаў, вядомых толькі вузкаму колу асобаў. Нельга, каб лёс краіны і яе народу залежаў ад прыхамаці аднаго чалавека. Уся дзейнасьць павінна кіравацца законам і быць абсалютна адкрытай для грамадзтва», — заявіла Ціханоўская.

Паводле падлікаў эканамічнага блёку Офіса Сьвятланы Ціханоўскай, за 27 гадоў пры ўладзе рэжым Лукашэнкі змарнаваў 150 млрд даляраў, якія Расея ўклала наўзамен на ляяльнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьмітры Пяскоў: Палітычная інтэграцыя Расеі і Беларусі магчымая, але цяпер яе ніхто не рыхтуе

Пакуль Лукашэнка і ягонае атачэньне набіваюць кішэні, даўгі па рахунках дастаюцца ўсёй краіне, мяркуе Сьвятлана Ціханоўская.

«Беларуска-расейскі экспэртны дыялёг» — пляцоўка для абмену думкамі і досьведам паміж эканамістамі зь Беларусі і Расеі. Часткай ініцыятывы таксама ёсьць аднайменны цыкль сэмінараў, прысьвечаны абмеркаваньню бягучых і будучых праблемаў і магчымасьцяў у адносінах паміж дзьвюма краінамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта падрыхтоўка да абʼяднаньня дзяржаваў у 2023 годзе», — намесьнік рэдактара «Коммерсанта»