Амэрыканская асацыяцыя юрыстаў патрабуе вызваліць Максіма Знака

Максім Знак у час судовага працэсу

Амэрыканская асацыяцыя юрыстаў (АВА) глыбока расчараваная тым, што беларускі адвакат Максім Знак быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньнях, зьвязаных з нацыянальнай бясьпекай.

У заяве найбуйнейшага ў сьвеце аб’яднаньня юрыстаў нагадваецца, што Знак быў арыштаваны ўладамі Беларусі ў мінулым годзе пасьля таго, як прадстаўляў апазыцыйных палітычных дзеячоў і ўдзельнічаў у стварэньні Каардынацыйнай рады. ABA заклікае ўлады Беларусі выконваць міжнародныя і мясцовыя прававыя стандарты для абароны правоў адвакатаў і забесьпячэньня таго, каб адвакаты не зазнавалі пакараньняў або перасьледу за выкананьне сваіх прафэсійных абавязкаў. Асноўныя прынцыпы ААН, якія тычацца ролі юрыстаў, таксама ўсталёўваюць, што адвакаты і юрысты, як і іншыя грамадзяне, маюць права на свабоду выказваньня меркаваньняў, перакананьняў, асацыяцый і сходаў.

АВА заклікае вызваліць Знака і аднавіць правы адвакатаў, якія зазналі ў Беларусі аналягічны перасьлед, былі адвольна пазбаўленыя адвакацкага статусу або прыцягнутыя да адказнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША: Калесьнікаву і Знака асудзілі паводле фальшывых абвінавачаньняў у несправядлівым працэсе
  • Амэрыканская асацыяцыя юрыстаў (American Bar Association) — аб’яднаньне юрыстаў ЗША, якое прымае ў свае сябры таксама і юрыстаў іншых краін. Гэта адна з найбуйнейшых асацыяцый у сьвеце, цяпер яна абʼядноўвае больш за 400 тысяч чалавек з усяго сьвету, сярод якіх шмат і студэнтаў юрыдычных факультэтаў унівэрсытэтаў. Сярод асноўных мэтаў арганізацыі — распрацоўка этычных стандартаў для юрыстаў розных спэцыялізацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязень Максім Знак пасьля прысуду ўпершыню за год сустрэўся з бацькам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Польшчы выказаў салідарнасьць з Калесьнікавай і Знакам — па-беларуску