Ад выбуху машыны ва ўкраінскім Дняпры загінулі два чалавекі. Паліцыя завяла справу паводле артыкула «тэракт»

Месца выбуху ў Дняпры, 15 верасьня 2021 г.

У Дняпры (Украіна) раніцай выбухнуў аўтамабіль Nissan Primera, загінулі два чалавекі. Справу папярэдне кваліфікавалі паводле артыкула «тэрарыстычны акт», паведамляецца на сайце абласной паліцыі.

У машыне знаходзіліся кіраўніца аддзелу сувязяў з грамадзкасьцю Дзяржаўнай службы па надзвычайных сытуацыях у Днепрапятроўскай вобласьці Дар’я Грэчышчава і вэтэран антытэрарыстычнай апэрацыі (АТА) Аляксей Каўлак, які быў сапёрам у зоне баявых дзеяньняў. Як паведамляе «Настоящее время», абое загінулі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне агучылі новую вэрсію гібелі лідэра Народнага руху Чарнавола. Ягоны сын мае сумневы

Прадстаўніца абласной паліцыі Ганна Старчэўская паведаміла, што фрагмэнтаў выбухоўкі пакуль не знайшлі. «На месцы падзей паліцэйскія выявілі, што выбух адбыўся ў аўтамабілі ці побач зь ім, у аўтамабілі знаходзіліся два чалавекі, — сказала яна. — Цяпер ужо ёсьць папярэдняя прававая кваліфікацыя — гэта тэрарыстычны акт».

Па словах Старчэўскай, дакумэнты загінулых знайшлі, папярэдне іх асобы ўстанавілі, але трэба правесьці экспэртызы.

Выбух адбыўся на праспэкце Хмяльніцкага, дзе быў перакрыты рух. Ад выбуховай хвалі ў доме побач вылецелі шыбы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне на мяжы зь Беларусьсю ў часе антытэрарыстычных вучэньняў знайшлі арсэнал зброі. ВІДЭА