Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне агучылі новую вэрсію гібелі лідэра Народнага руху Чарнавола. Ягоны сын мае сумневы


Вячаслаў Чарнавол

Намесьнік генэральнага пракурора Ўкраіны (2003, 2007, 2014 гады) Мікола Галомша заявіў, што лідэр Народнага руху Ўкраіны, дысыдэнт Вячаслаў Чарнавол быў забіты некалькімі ўдарамі кастэта па галаве.

«Мы расьсьледавалі справу аб забойстве Чарнавола. І вызначылі, што Чарнавол быў забіты. Яго забілі чатырма ўдарамі кастэта па патыліцы, і такім самым кастэтам дабілі кіроўцу», — сказаў Мікола Галомша ў эфіры аднаго з украінскіх тэлеканалаў.

У 2005 годзе Мікола Галомша курыраваў расьсьледаваньне некалькіх рэзанансных спраў — аб забойстве журналіста Георгія Гангадзэ, атручэньні Віктара Юшчанкі, гібелі Вячаслава Чарнавола і сьмерці вядомага ўкраінскага кампазытара Ўладзіміра Івасюка.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, лідэр Народнага руху Ўкраіны Вячаслаў Чарнавол загінуў у 1999 годзе ў выніку аўтамабільнай катастрофы, калі ягоны аўтамабіль урэзаўся ў «КамАЗ» з прычэпам. У той аварыі выжыў толькі Дзьмітро Панамарчук — прэсавы сакратар Вячаслава Чарнавола. Сёлета ў сакавіку Дзьмітро Панамарчук памёр.

«Бясспрэчна, што (было) не ДТЗ. Было вызначана адключэньне падушак бясьпекі, падробка агляду месца падзеі, было вызначана забойства на Валыні асноўнага сьведкі. Калі мы эксгумавалі труп, там былі цяжкія мэталы ў костках. І мы раскруцілі экспэрта, які сказаў, што не праводзіў ускрыцьця цела Чарнавола», — сказаў Мікола Галомша.

Сын Вячаслава Чарнавола Тарас, камэнтуючы гэтую заяву, выказаў сумневы наконт выкарыстаньня кастэта як сродку забойства.

«Я абсалютна згодны на 90%, а на 10 адсоткаў маю засьцярогу наконт кастэта, бо насамрэч мы ўсё гэта пераправяралі. Адзінае скажу — спадар Галомша пераказаў старую гісторыю. Гэта яшчэ да прыходу Януковіча, калі справу канчаткова перадалі ў суд і фактычна закрылі. Гэта ўсё матэрыялы з 2005 да 2007 году. Менавіта тады, калі спадар Галомша быў пры Юшчанку намесьнікам генэральнага пракурора, і ён сапраўды падштурхнуў справу да рэальнага расьсьледаваньня. Тады перасталі разглядаць як звычайную аварыю, а расьсьледавалі менавіта як забойства і знайшлі шмат фактаў», — заявіў Тарас Чарнавол у эфіры аднаго з украінскіх тэлеканалаў.

«Гісторыя з дабіваньнем кастэтам не пераправераная. Яна базуецца на матэрыялах першых экспэртыз, якія былі недакладныя. На жаль, ужо пры Януковічу і (гэнэральным пракурору) Пшонку была праведзеная экспэртыза, калі рэшткі цела бацькі былі ўжо зьнішчаныя настолькі, што больш ужо нешта вызначыць немагчыма. Тая эксгумацыя, якая адбылася пры Януковічу, была ўжо сапраўды бандыцкая», — сказаў сын Вячаслава Чарнавола.

«Усё, што тычыцца іншых гісторый, — гэта праўда. Усе гэтыя факты ёсьць у матэрыялах крымінальнай справы, якая была канчаткова завершаная ў 2010 годзе. Але пры гэтым ніхто з генэральных пракурораў у розныя пэрыяды так і не давёў гэтую справу да канца. Яе некалькі разоў спрабавалі зьліць, закрыць, потым аднавіць... Цяпер яна вісіць у паветры — яна не закрытая, але і не расьсьледуецца», — дадаў Тарас Чарнавол.

У той жа час, паводле яго, у матэрыялах справы не тлумачыцца паходжаньне сьлядоў на галаве ягонага бацькі пасьля аварыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG