За спасылкі на «Белсат». У Беларусі паўторна заблякавалі сайт «Беларускі партызан»

Такі надпіс зьяўляецца пры спробе адкрыць заблякаваныя сайты ў Беларусі

У часткі інтэрнэт-карыстальнікаў у Беларусі перасталі адкрывацца сайты «Беларускі партызан», freesmi.by і сайт Магілёўскага рэгіёну 6tv.by. Іх заблякавалі паводле рашэньня Міністэрства інфармацыі.

14 верасьня факт блякаваньня сайту «Беларускага партызану» атрымаў афіцыйнае пацьверджаньне.

З загаду за подпісам першага намесьніка міністра інфармацыі Андрэя Кунцэвіча вынікае, што парушэньнем лічацца тры гіпэрспасылкі на рэсурсы тэлеканалу «Белсат».

Раней Чыгуначны суд Гомля прызнаў сайт і сацсеткі «Белсату» «экстрэмісцкімі». Забаронены нават лягатып тэлеканалу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На «Беларускі партызан» адбылася DDoS-атака, рэдакцыя зьвярнулася ў МУС. «Наша ніва» аднавіла працу

Сайт «Беларускі партызан» першы раз Міністэрства інфармацыі заблякавала ў 2017 годзе. Тады рэсурс памяняў адрас belaruspartisan.org на belaruspartisan.by.

За апошні час беларускія ўлады заблякавалі дзясяткі беларускіх сайтаў незалежных мэдыя, сярод іх таксама сайт Беларускай службы Радыё Свабода.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У дзень нараджэньня Паўла Шарамета зьявіўся сайт у памяць пра яго