Год карагоду ў Берасьці. Пакаралі 81 чалавека, суды працягваюцца

Карагод у Берасьці, 13 верасьня 2020 году

Год таму берасьцейцы зладзілі карагод на дарозе. Сёньня гэта адна з найбуйнейшых палітычных справаў у Беларусі. Каротка сабралі галоўнае пра яе.

Летась 13 верасьня падчас акцыі пратэсту ў Берасьці каля тысячы чалавек сабраліся на скрыжаваньні бульвара Касманаўтаў і праспэкту Машэрава. Яны вадзілі вялізны карагод, сьпявалі і танцавалі. Пратэстоўцаў тады ўпершыню за час пратэстаў 2020 году разагналі вадамётам.

Пасьля гэтага ўлады завялі крымінальную справу за «актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (частка 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шукалі лялькавода, бо не маглі зразумець, што людзі выйшлі самі». Асуджаныя «за карагод» дзяўчаты пра сваю справу

Сьледчыя выявілі 115 чалавек, якія былі датычныя да карагоду, 108 зь іх прад’явілі абвінавачаньні, паведамляе «Вясна».

Пацярпелым бокам прызналі тралейбусны і аўтобусны паркі, бо транспарт прастойваў падчас пратэстаў. Шкоду тралейбуснаму парку ацанілі ў 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму парку — у 40 рублёў 37 капеек.

Ужо асудзілі 81 чалавека. Іх справу разглядалі «канвэерам» у сямі асобных групах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня ведаю, дзе буду нараджаць». Цяжарная, асуджаная за «карагод», уцякла празь лес і балоты зь Беларусі разам з мужам і малымі дзецьмі

Агулам прысудзілі: 66,5 года «хіміі», 63,5 года «хатняй хіміі», 7 гадоў і 7 месяцаў калёніі.

Яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек чакаюць судоў.

Судзьдзі, якія выносілі прысуды ў «карагоднай справе»: Сьвятаслаў Каліна, Дзьмітры Шурын, Іна Клышпач, Сяргей Маручак, Яўген Брэган, Дзьмітры Куроўскі, Вера Філонік.