Пра гэта Свабодзе расказаў адвакат Кузьнечыкаў Вадзім Драздоў. Ён кажа, што пакуль невядома, ці будуць гэта лекары зь Беларусі, ці са Швэцыі.
А ці можна было проста выклікаць лекараў у амбасаду, дзе знаходзяцца Кузьнечыкі?
«Вельмі моцна сумняваюся, што прыедуць простыя лекары. Гэта дакладна не варыянт», — сказаў ён.
З гэтым пагаджаецца Ўладзіслаў Кузьнечык і дадае:
«Мы ня супраць выкліку дактароў, але наўрад ці хто зь лекараў пагодзіцца празь цяперашнюю сытуацыю ў краіне. І нават калі лекараў выклікаць у амбасаду, то абсталяваньня тут усё роўна няма».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Швэцыя абавязана ўстрымацца ад перадачы маіх кліентаў уладам Беларусі», — адвакат беларусаў, якія хаваюцца ў амбасадзе ШвэцыіЯшчэ 27 траўня гэтага году Кузьнечыкі прасілі ўрад Швэцыі прыслаць лекараў. 4 чэрвеня ўрад Швэцыі адказаў, што юрыдычна Швэцыя ня мае юрысдыкцыі адносна Кузьнечыкаў і ня можа прапанаваць мэдычнае абслугоўваньне, бо гэта выходзіць за рамкі часовай меры, указанай Камітэтам супраць катаваньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анкалёгія без мэдычнай дапамогі і няясныя пэрспэктывы. Як бацька і сын Кузьнечыкі жывуць у амбасадзе Швэцыі ў МенскуПаводле Ўладзіслава, яны неаднаразова зьвярталіся да швэдзкага боку, аднак пакуль безвынікова. Хоць Уладзіславу трэба раз на год праходзіць мэдычнае абсьледаваньне.
«Пытаньне мэдычнай дапамогі і абсьледаваньня асноўнае для нас. Я ўжо прапусьціў тры плянавыя абсьледаваньні, бацька таксама мае праблемы са здароўем. Мы згодныя на любую дапамогу ад любых дактароў, — кажа Свабодзе Ўладзіслаў Кузьнечык. — Праблема ў тым, што патрэбна мэдычнае абсталяваньне, якога, натуральна, няма ў амбасадзе».
Паводле Ўладзіслава, ім невядома, як будзе далей вырашацца гэтае пытаньне.
Удзельнікі пратэстаў Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі папрасілі палітычнага прытулку ў Швэцыі, асьцерагаючыся перасьледу сілавікоў. У швэдзкай амбасадзе ў Менску ім адмовілі, бо не адказваюць за гэтую працэдуру. Тады Кузьнечыкі пераскочылі праз агароджу дыппрадстаўніцтва і застаюцца на яго тэрыторыі ўжо больш за год.
23 верасьня 2020 году Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі зьвярнуліся ў Камітэт супраць катаваньняў ААН са скаргай на Швэцыю. У ёй гаворыцца, што ў выніку бязьдзеяньня альбо дзеяньняў Швэцыі іх могуць затрымаць беларускія ўлады і прымяніць катаваньні.
1 кастрычніка Камітэт задаволіў запыт Кузьнечыкаў пра часовыя меры. Яны абавязваюць Швэцыю забясьпечыць асабістую недатыкальнасьць Кузьнечыкаў, пакуль іх скаргу разглядае Камітэт.
Паводле адваката Вадзіма Драздова, заяўнікі 6 жніўня 2021 году атрымалі ліст з сакратарыяту ўправы Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека. У лісьце сказана, што гэтая скарга Кузьнечыкаў цяпер знаходзіцца ў сьпісе спраў, заплянаваных да разгляду на маючай адбыцца сэсіі Камітэту ў лістападзе 2021 году.
Паводле раскладу працы Камітэту, чарговая сэсія пройдзе з 8 лістапада па 3 сьнежня.
«Краіне-ўдзельніцы таксама было прапанавана садзейнічаць таму, каб заяўнікі маглі атрымліваць неабходную жыцьцёва важную мэдычную дапамогу, пакуль справа знаходзіцца на разглядзе Камітэту», — кажа Вадзім Драздоў.
Таксама Камітэт супраць катаваньняў паўторна адмовіў уладам Швэцыі ў задавальненьні іх просьбы аб зьняцьці часовых мераў. Кузьнечыкі застаюцца на тэрыторыі амбасады.
Паводле адваката Вадзіма Драздова, цяпер швэдзкія ўлады мусяць вырашаць пытаньне з аказаньнем мэдычнай дапамогі Кузьнечыкам і шукаць варыянты.
«Камітэт ясна сказаў: дзяржаве-ўдзельніцы таксама было прапанавана садзейнічаць таму, каб заяўнікі маглі атрымліваць неабходную жыцьцёва важную мэдычную дапамогу, пакуль справа знаходзіцца на разглядзе Камітэту», — сказаў адвакат.
Паводле Драздова, якім чынам Швэцыя будзе выконваць рашэньне Камітэту, — гэта ў кампэтэнцыі яе ўладаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прайшоў год жыцьця бацькі і сына Кузьнечыкаў у пасольстве Швэцыі. Што ў іх новага?