Чаму 50 сабак пікетавалі райвыканкам. ВІДЭА, ФОТА

Мужчыну, які прывёў да райвыканкаму 50 сабак, далі 10 базавых штрафу

9 верасьня кіраўнік ліквідаванага ў жніўні грамадзкага аб’яднаньня «Сонца для ўсіх» Юры Валько выйшаў у Мар’інай Горцы да райвыканкаму, прывёўшы з сабой 50 сабак. Яго затрымалі, праз суткі адбыўся суд, які інкрымінаваў яму незаконнае пікетаваньне і аштрафаваў на 290 рублёў.

Юры Валько апякуецца прытулкам, дзе знаходзіцца ад 100 да 150 сабак. Пасьля ліквідацыі грамадзкага аб’яднаньня ўлады гораду пачалі перашкаджаць дзейнасьці прытулку, а напярэдадні затрыманьня Юрыя прыехалі прадстаўнікі «Фаўны гораду» і забралі некалькі дзясяткаў жывёлаў. Як сьцьвярджаюць валянтэры, калі пасьля 5 дзён утрыманьня ніхто не забірае такіх сабак, іх забіваюць.

Юры Валько кажа, што ён дамагаецца супрацы з уладамі ў справе апекі над жывёламі. Але чыноўнікам прасьцей зьнішчыць прытулак, які ня мае афіцыйнага статусу, аднак існуе больш за 10 гадоў на умовах вусных дамоўленасьцяў.

«Я не пра палітыку, я за жывёлаў. Улады мяне падманулі. Я хацеў рабіць усё па законе, каб нам выдзелілі зямлю, хацеў упарадкаваць прытулак. Але дайшло да таго, што прыехалі і забралі каля 30 сабак. Тое, што я выйшаў, – гэта крык адчаю, эмоцыі. Я кажу: давайце разам дапаможам жывёлам, але ўлады толькі робяць зачыстку і ўсё. Я за чалавечнасьць. Нават і прэзыдэнт жа гаворыць – трэба быць чалавечным. А на справе…», — сказаў Юры Валько.

Ён падкрэсьліў, што ніколі не ўдзельнічаў у пратэстах і з павагай ставіцца да міліцыі:

«Я ня супраць улады. Да міліцыі ў мяне прэтэнзій няма. Але тут улады не пайшлі насустрач».