Палітвязьня Аляксея Ліпеня асудзілі чацьвёрты раз за паўгода

Ілюстрацыйнае фота

Суд Заводзкага раёну Менску 7 верасьня разгледзеў чарговую крымінальную справу, заведзеную на палітвязьня Аляксея Ліпеня за абразу службовай асобы (арт. 369 КК РБ).

Сайт «Вясна» паведамляе, што суд пастанавіў пакараць Ліпеня штрафам у памеры 1000 рублёў, без дабаўленьня тэрміну абмежаваньня волі.

Дагэтуль яго судзілі за абразу супрацоўнікаў міліцыі ў сацыяльных сетках тройчы: 13 красавіка, 31 мая і 15 ліпеня. Агулам Ліпень быў асуджаны на 5 гадоў абмежаваньня волі ва ўстанове адкрытага тыпу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жонцы Ігара Лосіка не аддаюць лісты мужа, Ціханоўскі чытае Байрана. Што новага ў палітзьняволеных

Крымінальныя справы былі заведзеныя за тое, што на працягу двух месяцаў Аляксей пакідаў абразьлівыя камэнтары і пагрозы на адрас міліцыянтаў у адным з тэлеграм-каналаў.

Беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала Аляксея Ліпеня палітычным зьняволеным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шкадую, што летась нам не хапіла рашучасьці». Сям’я бізнэсоўцаў пакінула Беларусь пасьля цкаваньня прапагандыстамі

Паводле ранейшых прысудаў абвінавачаны павінен быў сплаціць кампэнсацыю маральнай шкоды, нанесенай пацярпелым супрацоўнікам міліцыі, у памеры 5500 рублёў і судовыя выдаткі ў памеры 522 рублі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 7 верасьня: 5 гадоў калёніі за наезд на аўто ДАІ, рэпэра судзяць за песьню «Лукашэнка, сыходзь»