Палітвязень Максім Знак пасьля прысуду ўпершыню за год сустрэўся з бацькам

Максім Знак у судзе.

«Выглядае добра, перажывае за родных», — кажа пра Максіма ягоны бацька Аляксандар Знак.

Бацька Максіма Знака Аляксандар пасьля вынясеньня сыну выраку — 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму — упершыню сустрэўся са зьняволеным сынам.

Бацька сярод іншага параіў Максіму пагаліцца нагала і расказаў пра малую сястру Машу. Інтэрвію з бацькам Максіма Знака пасьля сустрэчы ў турме публікуе прэсавая служба штабу Віктара Бабарыкі.

Бацька Максіма сярод іншага расказаў пра тое, у якіх умовах адбылася сустрэча з сынам, што ёсьць забароненыя тэмы, на якія нельга размаўляць, што Максім быў не ў кайданках і ў добрай фізычнай форме.

Учорашні суд Максім называе спэктаклем. Разам з Марыяй Каленьнікавай яны нават прапанавалі даць інтэрвію дзяржаўным каналам, калі іх журналісты прыехалі ў суд, але тыя адмовіліся. А ўвечары ён паглядзеў, што расказалі пра ягоны суд на тэлевізіі.

Пад канец сустрэчы бацька расказаў Максіму пра ягоную сястру Машу, якая нарадзілася, калі Макс быў ужо ў няволі. Кажа, што вельмі падобная да Максіма сваёй мэтанакіраванасьцю.

6 верасьня палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку агучылі прысуд. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.

Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • змова з мэтай захопу ўлады;
  • заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жалезны чалавек». Хто такі Максім Знак, якога асудзілі на 10 гадоў турмы. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША: Калесьнікаву і Знака асудзілі паводле фальшывых абвінавачаньняў у несправядлівым працэсе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прысуд Калесьнікавай і Знаку — кампэнсацыя за траўмы Лукашэнкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыю Калесьнікаву і Максіма Знака асудзілі на 11 і 10 гадоў калёніі адпаведна