Грамадзянку Расеі могуць зьняволіць на 5 гадоў за паклёп на Лукашэнку

Ілюстрацыйнае фота

Грамадзянка Расеі Ірына Вікхольм з канца траўня знаходзіцца ў СІЗА ў Берасьці паводле абвінавачаньня ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку.

Пра гэта паведамляе праваабарончая арганізацыя «Вясна».

Паводле вэрсіі абвінавачаньня, Вікхольм апублікавала ў Твітэры фатаграфію Лукашэнкі і «паклёпніцкія зьвесткі аб зьдзяйсьненьні ім акта тэрарызму і авіяпірацтва». Згодна зь беларускім заканадаўствам, максымальнае пакараньне за паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта краіны — пяць гадоў пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вахторку інтэрнату асудзілі на 1,5 года «хіміі» за абразу сяржанта міліцыі

«Новая газета», вывучыўшы акаўнт абвінавачанай у Твітэры, адзначае, што на яе старонцы шмат рэпостаў артыкулаў пра інцыдэнт з самалётам ірляндзкай авіякампаніі Ryanair, які на патрабаваньне беларускіх уладаў сеў у аэрапорце Менску, пасьля чаго сілавікі затрымалі рэдактара апазыцыйнага тэлеграм-каналу NEXTA Рамана Пратасевіча і яго сяброўку, грамадзянку Расеі Соф’ю Сапегу, які знаходзіліся на борце лайнэра.

Пры якіх абставінах і дзе была затрыманая Ірына Вікхольм — не паведамляецца. Вядома толькі, што жанчыне 58 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На прыцэле Лукашэнкі». Дзясяткі польскіх журналістаў напісалі кнігу пра калег у Беларусі