Прадстаўнікі ўладаў і апазыцыі Вэнэсуэлы адновяць перамовы ў Мэксыцы. Пра што ўжо дамовіліся?

Хуан Гуайдо і Нікаляс Мадура, каляж

На наступным тыдні перамоўныя каманды ўлады і апазыцыі Вэнэсуэлы вернуцца ў Мэксыку, каб пачаць другі раўнд перамоваў, накіраваных на паразуменьне ў краіне, якая перажывае востры палітычны крызіс і зь якой уцяклі мільёны жыхароў

Пра гэта паведамляе рэсурс France24 са спасылкай на агенцтва Reuters.

Нягледзячы на тое, што дагэтуль ніякія вынікі пагадненьняў не былі абнародаваныя, дзьве крыніцы паведамляюць пра гэтыя вынікі: вызваленьне аднаго зь лідэраў апазыцыі Фрэдзі Гевары і абвешчаны ўдзел апазыцыі ў заплянаваных рэгіянальных выбарах у лістападзе.

Апазыцыя байкатавала прэзыдэнцкія выбары 2018 году, у выніку якіх была абвешчаная перамога Нікаласа Мадуры. Апазыцыя таксама байкатавала парлямэнцкія выбары летась. І адны і іншыя выбары апазыцыя палічыла сфальсыфікаванымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вэнэсуэле супраць рэжыму паўсталі банды, якія Чавэс і Мадура фінансавалі для барацьбы з апазыцыяй

У адрозьненьне ад няўдалых перамоваў мінулых гадоў, перамовы ў Мэксыцы зараз маюць афіцыйную падтрымку Нідэрляндаў, Расеі, Балівіі і Турэччыны, а таксама Нарвэгіі, якая таксама ўдзельнічала ў папярэднім жнівеньскім раўндзе.

Урад Мадуры запатрабаваў скасаваць фінансавыя санкцыі, уведзеныя ЗША і Эўразьвязам адносна Вэнэсуэлы.

Мадура асабліва імкнецца вярнуць 31 тону золата Вэнэсуэлы, якія знаходзяцца ў Вялікай Брытаніі з таго часу, як Лёндан прызнаў лідэра апазыцыі Хуана Гуайдо часовым прэзыдэнтам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Захоўвайце адзінства». 10 урокаў Вэнэсуэлы для беларускай апазыцыі

Прадстаўнікі адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна выказалі гатоўнасьць перагледзець санкцыі адносна Вэнэсуэлы, атрыманыя ў спадчыну ад папярэдняй адміністрацыі, але абумовілі такія крокі «значным прагрэсам» на перамовах у Мэксыцы.

Тым часам вэнэсуэльская апазыцыя шукае дадатковую гуманітарную дапамогу для зьбяднелых жыхароў краіны, павялічэньня паставак вакцынаў супраць COVID-19, вызваленьня дзясяткаў палітвязьняў, а таксама гарантыяў празрыстасьці на будучых выбарах у лістападзе.

Эканамічны каляпс Вэнэсуэлы адчуваецца далёка за яе межамі, паводле ацэнак Вашынгтонскай арганізацыі амэрыканскіх дзяржаў, у наступным годзе колькасьць грамадзянаў Вэнэсуэлы, якія пакінулі краіну за апошнія гады, дасягне 7 мільёнаў чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Самыя эфэктыўныя меры ўдараць па ўсіх». Амэрыканскі экспэрт па санкцыях — пра парады Байдэну адносна Беларусі