Рыгор Кастусёў скардзіцца на праблемы з ныркамі. У СІЗА КДБ ён захварэў на каранавірус
БелаПАН
Рыгор Кастусёў
Пра хваробу палітвязьня даведалася ягоная адвакатка, якая прыйшла да падабароннага 31 жніўня.
31 жніўня адвакат Інэса Аленская не змагла сустрэцца са сваім падабаронным Рыгорам Кастусёвым з-за яго заражэньня каранавірусам, паведамілаКацярына Кастусёва, дачка 64-гадовага лідэра Партыі БНФ, які па-ранейшаму знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ.
Раней, ужо знаходзячыся ў СІЗА, палітык атрымаў дзьве дозы вакцыны супраць COVID-19. Зьняволены ў лісьце паведаміў, што адчувае сябе дрэнна. У пачатку жніўня ён прайшоў абсьледаваньне для дыягностыкі анкалягічных захворваньняў, вынікі якога сям’і Кастусёва, аднак, не паведамілі.
Пра тое, што Кастусёў захварэў на каранавірус, яго адвакатка даведалася непасрэдна ў ізалятары 31 жніўня.
У лісьце ад 25 жніўня, атрыманым сям’ёй Кастусёва, палітык паведаміў пра пагаршэньне стану свайго здароўя. Дачка расказала, што ён паскардзіўся на тое, што ад вялікай колькасьці лекаў у яго зьявіліся праблемы з ныркамі.