Лукашэнка запатрабаваў, каб былы «прыдворны алігарх» Чыж кампэнсаваў ільготы за шмат гадоў

Лукашэнка ўзнагароджвае Юрыя Чыжа ордэнам Айчыны ІІІ ступені, 28 чэрвеня 2013

Аляксандар Лукашэнка падпісаў зьмены ва ўказ 13-гадовай даўнасьці. Згодна з дакумэнтам, кампанія Юрыя Чыжа «Трайпл» абавязаная вярнуць у бюджэт суму льгот і прэфэрэнцый, дадзеных шмат гадоў таму. У 2013-м Лукашэнка ўручыў Юрыю Чыжу ордэн Айчыны ІІІ ступені.

Ва ўказе 2008 году гаворка ішла аб павелічэньні аб’ёмаў будаўніцтва жыльля, забесьпячэньні службовым жытлом беларускіх вайскоўцаў і прыцягненьні дадатковых інвэстыцый для разьвіцьця жыльлёвай інфраструктуры ў Менску і ваколіцах. Удзел у праектах мусіла прыняць і кампанія «Трайпл».

Цяперашнім указам, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, кампанія пазбаўляецца некаторых ільгот і прэфэрэнцый.

У прыватнасьці, кампанія павінна вярнуць у бюджэт Менску за «даваньне зямельных участкаў для мэтаў без правядзеньня аўкцыёнаў», афармленьне якіх у часовае або пастаяннае карыстаньне праводзілася з пачаткам будаўніцтва. Акрамя таго, кампанія мусіць кампэнсаваць кошт жылых памяшканьняў, якія прызначаліся для перасяленьня грамадзян з жылых дамоў, што павінны былі зносіць дзеля праекту.

Сказана, што «Трайпл» мусіць пакрыць сродкі «прапарцыйна нявыкананым (неналежна выкананым) абавязаньням».

Указ набывае моц з 1 верасьня.

У ліпені Эканамічны суд Менску прызнаў кампанію «Трайпл» эканамічна нястатнай і прыняў рашэньне аб яе санацыі да 30 чэрвеня 2022 году. Гэта стала магчымым пасьля таго, як правялі фінансава-эканамічную экспэртызу кампаніі. Сама кампанія «Трайпл» і некаторыя крэдыторы раней падтрымлівалі санацыю, якая, на іх думку, можа аздаравіць прадпрыемства. Іншыя ж крэдыторы выступалі за распродаж маёмасьці кампаніі. Асноўная доля кампаніі належыць Юрыю Чыжу, некалі аднаму з найбліжэйшых давераных бізнэсоўцаў у атачэньні Аляксандра Лукашэнкі, нагадвае zerkalo.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судовыя выканаўцы прыехалі па маёмасьць былога алігарха Юрыя Чыжа
  • Юры Чыж быў самым багатым і ўплывовым бізнэсоўцам у краіне. Пад брэндам «Трайпл» дзейнічала звыш 20 кампаній рознага профілю.
  • Юры Чыж уваходзіў у блізкае атачэньне Аляксандра Лукашэнкі. Гуляў зь ім у хакей, спадарожнічаў яму падчас публічных імпрэзаў, капаў бульбу і зьбіраў кавуны ў Драздах. І атрымліваў шматлікія льготы.
  • «Але потым нешта пайшло ня так. За льготы трэба было расплачвацца. Высьветлілася, што Лукашэнка трымае алігархаў пад рукой ня проста так. А каб у патрэбны момант зьвярнуцца да іх па грошы. І гэта стала для Чыжа непасільным цяжарам. Пачаліся вялізныя праблемы, якія нават выплюхнуліся ў публічную прастору. Быў вялізны скандал з партнэрам Уладзімерам Япрынцавым, канфлікт зь якім разьбіраўся ў судзе», — нагадвае палітычны аналітык Валер Карбалевіч.
  • У 2012 годзе Чыж трапіў пад санкцыі ЭЗ за тое, што «дае фінансавую падтрымку рэжыму Лукашэнкі» (праз тры гады гэтае рашэньне было адменена судом Эўразьвязу). У 2016 годзе яго арыштавалі, ён праседзеў паўгода за кратамі. У сярэдзіне сакавіка 2021 году яго зноў арыштавалі. Кажуць, што нібыта не расплаціўся зь дзяржавай.
  • «Значыць, лёс прыдворных алігархаў у Беларусі незайздросны. Гэта там, на Захадзе, чым багацейшы чалавек, тым больш у яго свабоды, незалежнасьці ад дзяржавы. У Беларусі ўсё наадварот. Як сказаў аднойчы Лукашэнка, бізнэсоўцы больш залежныя ад уладаў людзі, чым звычайныя грамадзяне, бо ім ёсьць што губляць. Лёс Юрыя Чыжа і ягонага бізнэсу — яркая ілюстрацыя да гэтай высновы. Ён страціў амаль усё, уключаючы асабістую свабоду», — нагадвае Валер Карбалевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Незайздросны лёс прыдворных алігархаў. Чаму Чыжа зрабілі банкрутам