У Польшчы затрымалі 13 чалавек, якія зьнішчалі агароджу на мяжы зь Беларусьсю

Польскія памежнікі ахоўваюць мяжу зь Беларусьсю, 20 жніўня 2021 году

У МУС Польшчы паведамілі, што вінаватыя панясуць крымінальную адказнасьць за свае дзеяньні.

Жаўнеры памежнай службы Польшчы і вайскоўцы іншых падразьдзяленьняў затрымалі на мяжы зь Беларусьсю 13 чалавек. Памежная варта краіны паведаміла, што ў групу ўваходзілі 12 палякаў і адзін галяндзец, яны разбуралі агароджу, якая ўзводзіцца на мяжы зь Беларусьсю.

Праводзяцца сьледчыя дзеяньні з мэтай прад’яўленьня абвінавачаньняў названай групе асоб, паведамляе DW.

Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі назваў сытуацыю на мяжы «абсалютна непрымальнай». Па словах міністра, парушальнікі панясуць крымінальнае пакараньне.

«Мы будзем рэагаваць на падобныя дзеяньні з поўнай рашучасьцю», — падкрэсьліў Каміньскі.

Раней Польшча заявіла, што ўзьвядзе на мяжы зь Беларусьсю плот вышынёй 2,5 мэтра, каб бараніцца ад мігрантаў, якіх афіцыйны Менск дастаўляе адмыслова. Варшава, як і кіраўніцтва краінаў Балтыі, вінаваціць Лукашэнку ў гібрыднай атацы з дапамогай мігрантаў.

Латвія і Літва заканадаўча пашырылі паўнамоцтвы вайскоўцаў пры ахове дзяржаўнай мяжы, у Літве, акрамя таго, заявілі пра пабудову плоту. Неўзабаве гэтую ідэю ўзяла на ўзбраеньне і Польшча. У Латвіі тым часам павялічылі турэмны тэрмін за незаконны пераход дзяржаўнай мяжы.

У апошнія тыдні суседнія зь Беларусьсю краіны спрабуюць не затрымліваць мігрантаў, якія хочуць парушыць дзяржаўную мяжу, а проста адпраўляюць іх назад у Беларусь. Афіцыйны Менск вінаваціць Вільню, Варшаву і Рыгу ў кепскім абыходжаньні зь мігрантамі і парушэньні міжнародных законаў, а суседнія краіны заяўляюць, што мігранты зьяўляюцца толькі зброяй у руках Лукашэнкі, якой ён хоча дамагчыся сваіх палітычных мэтаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ЦэнтарКурорт» абвяргае датычнасьць да перапраўкі мігрантаў і «наогул спыніў прыём турыстаў з Іраку»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За дзень у Эўразьвяз зь Беларусі спрабавалі трапіць 322 мігранты. Сямʼя ўцекачоў расказала, што ў Беларусі ў іх забралі пашпарты