ЗША і амаль 100 краін сьвету зрабілі сумесную заяву аб эвакуацыі з Афганістану

Эвакуацыя афганцаў, лётнішча ў Кабуле, 25 жніўня 2021 г.

Дзяржавы сьвету ў сумеснай заяве нагадалі Талібану, што ён абяцаў іх грамадзянам і афганцам, якія атрымалі дазволы на ўезд ад гэтых краін, бесьперашкодны выезд з Афганістану.

«Голас Амэрыкі» паведамляе, што ўрады ЗША і больш як 90 дзяржаў сьвету 29 жніўня апублікавалі сумесную заяву з нагоды эвакуацыі з Афганістану. У заяве яны выказалі намер прыкласьці ўсе намаганьні, каб іх грамадзяне і пастаянныя жыхары, а таксама афганцы, якія працавалі зь імі, ды людзі з груп рызыкі маглі і далей свабодна выяжджаць у пункты прызначэньня за межамі Афганістану.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: ЗША нанесьлі ракетны ўдар па Кабуле, каб прадухіліць тэракт

У заяве гаворыцца, што ўрады гэтых краін будуць і далей выдаваць праязныя дакумэнты пэўным групам афганцаў і чакаюць ад Талібану, што яны змогуць бесьперашкодна выехаць у адпаведныя краіны.

Заяву, у прыватнасьці, падпісалі ўрады ЗША, Эстоніі, Грузіі, Казахстану, Кіргізіі, Латвіі, Літвы, Малдовы, Украіны, а таксама вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у міжнародных справах і генэральны сакратар NATO.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Талібы запэўніваюць, што вяртаньня да мінулага ня будзе, але музыку забароняць
  • Талібы захапілі Кабул 15 жніўня. Прэзыдэнт Афганістану Ашраф Гары пакінуў краіну. У пэрыяд свайго папярэдняга праўленьня ў Афганістане, з 1996 па 2001 год, «Талібан» прытрымліваўся строгай вэрсіі шарыяту. У краіне былі абмежаваныя многія палітычныя правы і асноўныя свабоды. Жорсткія правілы дзейнічалі перадусім у дачыненьні да жанчын і дзяўчынак. Цяпер талібы заяўляюць, што будуць выконваць правы чалавека, але многія афганцы кажуць, што давяраць ісламістам нельга.
  • 26 жніўня побач з аэрапортам Кабулу адбылася сэрыя з шасьці выбухаў. У выніку тэракту, адказнасьць за які ўзяла «ісламская дзяржава», загінулі каля 200 чалавек, у тым ліку мірныя афганцы і 13 амэрыканскіх вайскоўцаў.
  • Улады ЗША паабяцалі адказаць на тэракты ў Кабуле. 28 жніўня амэрыканскія вайскоўцы нанесьлі авіяўдар з дрону па ўдзельніках групоўкі «Ісламская дзяржава». Паводле ўладаў ЗША, у выніку быў забіты адзін з арганізатараў тэрактаў у Кабуле.
  • ЗША 29 жніўня нанеслі бесьпілётнікам удар па транспартным сродку, у якім знаходзіліся баевікі «ісламскай дзяржавы».