Авакада, мурашы, штучная рука. Што яшчэ павёз у космас грузавы карабель

Грузавы касьмічны карабель Dragon

Грузавы касьмічны карабель Cargo Dragon амэрыканскай кампаніі SpaceX у нядзелю стартаваў з касмадрому на мысе Канавэрал у ЗША і паляцеў на Міжнародную касьмічную станцыю (МКС).

«Грузавік» амэрыканскай кампаніі SpaceX аддзяліўся ад другой ступені ракеты-носьбіта Falcon 9 і працягнуў палёт да МКС. А першая шматразовая ступень зрабіла пасадку на марскую плятформу ў Атлянтыцы. Трансьляцыя палёту вялася на сайце SpaceX.

Стыкоўка са станцыяй МКС пройдзе а 17:00 паводле менскага часу ў аўтаматычным рэжыме.

На МКС даставяць больш як 2 170 кг прадметаў першай неабходнасьці і абсталяваньня для экіпажу. Сярод іх сьвежыя прадукты харчаваньня — цытрыну, авакада, марозіва — для сямі астранаўтаў, якія цяпер знаходзяцца на МКС. А таксама матэрыялы для навуковых экспэрымэнтаў — у іх ліку мурашы і жабраногія ракападобныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ракета кампаніі SpaceX стартавала з грузам да Міжнароднай касьмічнай станцыі

Дасьледчыкі з Унівэрсытэту Вісконсына даслалі на МКС насеньне пустазельля, якое навукоўцы выкарыстоўваюць у якасьці мадэльных арганізмаў з прычыны іх прастаты і хуткага росту. У стане бязважкасьці выпрабуюць таксама ўзоры бэтону, сонечных элемэнтаў і іншых матэрыялаў.

Японскі стартап Gitai выпрабуе ў космасе рабатызаваную руку, якая ў будучыні павінна замяняць касманаўтаў пры іншых простых працах. Першыя выпрабаваньні правядуць унутры касьмічнай станцыі, але ў будучыні рабатызаваныя рукі маюць выкарыстоўваць у адкрытым космасе для рознага рамонту.

  • Нацыянальнае ўпраўленьне па аэранаўтыцы і дасьледаваньню касьмічнай прасторы ЗША (NASA) карыстаецца паслугамі прыватных кампаній для дастаўкі іх на МКС з моманту закрыцьця сваіх шатлаў у 2011 годзе. SpaceX упершыню пачала перавозіць грузы ў 2012 годзе, і цяпер, дзякуючы гэтаму, NASA больш ня трэба цалкам спадзявацца на Расею пры адпраўцы сваіх астранаўтаў на арбітальную станцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: SpaceX Ілана Маска пасьпяхова запусьціў 61 спадарожнік