«ЦэнтарКурорт» абвяргае датычнасьць да перапраўкі мігрантаў і «наогул спыніў прыём турыстаў з Іраку»

Турысты з Багдаду ў Менскім аэрапорце, ліпень 2021

Турыстычная кампанія «ЦэнтарКурорт» заявіла агенцтву Sputnik, што ўсе іхныя ірацкія кліенты камфортна адпачылі ў Беларусі і вярнуліся да сябе на радзіму.

У нядаўняй публікацыі ў аўтарытэтным нямецкім выданьні Der Spiegel сьцьвярджалася, што «ЦэнтарКурорт» — адна зь фірмаў, якая каардынуе паток нелегальных мігрантаў на Захад. У расьсьледаваньні Der Spiegel гаварылася, што праз «ЦэнтарКурорт» прайшло больш за 200 заявак на візы для грамадзян Іраку, а разьмяшчаліся яны ў сталічных гатэлях «Менск» і «Беларусь».

Камэнтуючы публікацыю агенцтву Sputnik, турыстычная кампанія пацьвердзіла, што «ЦэнтарКурорт» сапраўды працуе з кліентамі з краін Блізкага Ўсходу і Паўднёва-Ўсходняй Азіі, у тым ліку і з Іраку. Але супрацоўнічае «толькі з тымі замежнымі кампаніямі, якія рэкамэндаваныя беларускім МЗС» і толькі з багатымі кліентамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расьсьледаваньне выявіла датычнасьць афіцыйнага Менску да мігрантаў у Літве

«Усе гэтыя гады мы працуем зь фінансава забясьпечанымі кліентамі з арабскіх краін, прадаючы ім турпакеты дарагога сэгмэнту разьмяшчэньня (ня менш як чатыры зоркі) з насычанай турыстычнай праграмай і стоадсоткавай перадаплатай. Усе гэтыя меры выключаюць трапляньне ў склад груп патэнцыйных парушальнікаў мяжы», — заявілі ў кампаніі.

У кампаніі «ЦэнтарКурорт» адзначылі, што не было зафіксавана ніводнага выпадку, каб іх кліентаў затрымлівалі пры спробе прарвацца праз мяжу. Усе турысты, зь якімі працаваў турапэратар, уключаючы грамадзян Іраку, «выдатна правялі час у Беларусі і шчасьліва вярнуліся на сваю гістарычную радзіму».

Цяпер, паводле прадстаўніцтва кампаніі, «ЦэнтарКурорт» наогул спыніў працу на ірацкім кірунку: «Як толькі стала зразумела, што некаторыя грамадзяне Іраку спрабуюць скарыстацца турыстычнымі каналамі для таго, каб незаконна трапіць у краіны ЭЗ, мы вырашылі выключыць усякія патэнцыйныя рызыкі і наогул спынілі прыём турыстаў з Іраку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За суткі мігранты 173 разы спрабавалі перайсьці мяжу зь Беларусі ў Эўразьвяз
  • З пачатку году беларуска-літоўскую мяжу перасеклі больш за 4,1 тысячы нерэгулярных мігрантаў.
  • Незаконна перасекчы беларуска-польскую мяжу толькі за жнівень спрабавалі звыш 3000 разоў.
  • Польскія і літоўскія ўлады сьцьвярджаюць, што абвастрэньне сытуацыі на мяжы зьвязана зь дзеяньнямі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які «спрабуе дэстабілізаваць сытуацыю ў Польшчы і Літве».
  • У ліпені Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу.
  • Літва і Польшча заявілі пра пачатак будоўлі сьцяны на мяжы зь Беларусьсю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што за турысты з Іраку сотнямі прылятаюць у Беларусь. ФОТА

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Будзеце самі іх есьці і лавіць». Лукашэнка гадамі браў у Эўразьвязу дзясяткі мільёнаў эўра на ўзмацненьне мяжы