У аргентынскім горадзе Бэрыса вуліцу назвалі ў гонар Беларусі, перайменаваўшы «вуліцу Аб'яднанай Арабскай Рэспублікі».
Інфармацыю пра гэта разам з фота з цырымоніі адкрыцьця апублікаваў МЗС Беларусі. Адкрыцьцё вуліцы адбылося ў дзень, калі ў Аргентыне клюб беларускай дыяспары «Ўсход» адзначаў сваё 80-годзьдзе.
Вуліца называецца «Рэспубліка Беларусь». Паводле Googlemaps, раней гэтая вуліца называлася ў гонар Аб’яднанай Арабскай Рэспублікі.
- Горад Бэрыса з насельніцтвам больш як 100 тысяч знаходзіцца ў правінцыі Буэнас-Айрэс.
- Ён быў заснаваны ў 1871 годзе, калі Хуан Бэрыса адкрыў фабрыку саліць мяса. У тым жа годзе адкрылі яшчэ адну фабрыку. Паміж імі пачалі сяліцца людзі. У 1957 годзе Бэрыса стаў горадам і цэнтрам муніцыпалітэту.
- У XX стагодзьдзі многія імігранты, якія прыяжджалі ў Аргентыну морам, асядалі менавіта ў Бэрысе, у выніку чаго горад атрымаў нефармальную назву «сталіца імігрантаў». Гэта адзін з трох асноўных цэнтраў баўгарскай іміграцыі ў Аргентыну.