У аэрапорце Кабулу ў цісканіне загінулі сем чалавек

Кабульскі аэрапорт

У міжнародным аэрапорце Кабулу ў выніку цісканіны загінулі яшчэ сямёра афганцаў

Пра гэта паведамляе DW са спасылкай на міністэрства абароны Вялікай Брытаніі. «У сваіх думках мы з сем’ямі сямёх афганскіх цывільных асобаў, трагічна загінулых у натоўпе ў Кабуле», — гаворыцца ў заяве міністэрства.

У заяве адзначаецца, што сытуацыя ў аэрапорце застаецца выключна складанай, але робіцца ўсё магчымае, каб ажыцьцяўляць эвакуацыю як мага больш бясьпечным шляхам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Талібы не абавязкова нясуць зло». Пасол Беларусі выказаўся пра новую ўладу ў Афганістане

Раней карэспандэнт брытанскай мэдыякампаніі Sky News, які знаходзіцца на месцы падзеяў, паведаміў, што перад брамай аэрапорту пачалася цісканіна сярод афганцаў, якія імкнуліся прарвацца ў зону вылету. Паводле яго, некалькі чалавек былі заціснутыя ў натоўпе. Карэспандэнт бачыў, як з натоўпу выносяць загорнутыя ў белае трупы. Салдаты і санітары спрабавалі аказаць дапамогу, але для некаторых дапамога прыйшла занадта позна, адзначыў ён.

Між тым заходнія краіны працягваюць эвакуацыю з Афганістану людзей, якія ратуюцца ад талібаў. Бундэсвэр позна ўвечары 21 жніўня паведаміў, што з Кабулу вывезена на самалётах больш за 2130 чалавек. Амэрыканскія войскі за тыдзень эвакуіравалі паветраным шляхам каля 17 тысяч чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэркель на перамовах з Пуціным рэзка асудзіла прымяненьне ўладамі Беларусі «ў якасьці гібрыднай зброі людзей, якія церпяць бедзтва». ВІДЭА