Сьледчы камітэт ідэнтыфікаваў 115 чалавек зь «берасьцейскага карагоду». Пошук датычных працягваецца

Разгон «карагоду» ў Берасьці вадамётам, 13 верасьня 2020

У «карагоднай справе» ў Берасьці перадалі пракурору для накіраваньня ў суд справы супраць 88 чалавек, абвінавачаньні выставілі 108, асудзілі ўжо 70 асобаў.

Упраўленьне Сьледчага камітэту Берасьцейскай вобласьці працягвае расьсьледаваньне крымінальнай справы «аб арганізацыі і ўдзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», паведаміў БелТА намесьнік начальніка ўпраўленьня Максім Пласкуноў.

Падзеі мелі месца летась 13 верасьня на скрыжаваньні праезных частак праспэкта Машэрава, бульвара Касманаўтаў і бульвара Шаўчэнкі ў Берасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня ведаю, дзе буду нараджаць». Цяжарная, асуджаная за «карагод», уцякла празь лес і балоты зь Беларусі разам з мужам і малымі дзецьмі

Паводле прадстаўніка ведамства, вызначылі 115 чалавек, якія мелі дачыненне да гэтага «злачынства».

З улікам сабраных доказаў у межах крымінальнай справы 108 асобам выставілі абвінавачаньні паводле ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

9 крымінальных справаў у абвінавачаньні 88 чалавек перадалі пракурору для накіраваньня ў суд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Двух асуджаных у «карагоднай» справе затрымалі пры спробе ўцячы ва Ўкраіну

У дачыненьні да 70 асобаў судамі гораду і раёну вынесьлі абвінаваўчыя прысуды «за ўчыненьне аналягічнага злачынства». Акрамя таго, органам папярэдняга сьледзтва і міліцыяй вызначаюцца іншыя асобы, якія мелі дачыненьне да «берасьцейскага карагоду».