Беларусь не атрымае паўмільярда даляраў ад эўрапейскіх банкаў на дарожныя праекты

Будаўніцва аўтадарогі, ілюстрацыйнае фота

Праз эўрапейскія санкцыі аказаліся заблякаванымі банкаўскія сродкі, за кошт якіх меркавалася прафінансаваць шэраг буйных праектаў, зьвязаных з рамонтам і пракладваньнем дарог, мастоў ды разьвязак.

Як расказаў у эфіры «Беларусь-1» міністар транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка, у сувязі з гэтым уладам давядзецца шукаць новыя крыніцы фінансаваньня. Гаворка сама меней пра паўмільярда даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Быў прэцэдэнт з Вэнэсуэлай». Як Офіс Ціханоўскай хоча замарозіць 950 млн эўра для Беларусі ад МВФ

Чыноўнік удакладніў, што пад шэраг праектаў ужо былі падпісаныя крэдытныя пагадненьні з эўрапейскімі банкамі, аднак праз абвешчаныя санкцыі сёньня такія фінансавыя ўгоды немагчымыя.

Гаворка пра дарогі

  • М3 Менск — Віцебск,
  • Р46 ад Лепеля да Полацку з будаўніцтвам абыходу і новага моста,
  • М7 Менск — мяжа Літвы.

Паводле міністра, дзеля рэалізацыі заплянаваных аб'ёмаў рамонту і аднаўленьня дарожнай інфраструктуры ведамства пачало перамовы з Эўразійскім банкам разьвіцьця і Экспартна-імпартным банкам Кітая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зьнешні эканамічны цуд». Дарадца Ціханоўскай тлумачыць, што трымае беларускую эканоміку на плыву

Сёлета дарожнікі плянуюць завершыць рэканструкцыю дарогі Р53 да Смалявічаў і рамонт Р23 ад Слуцку да Салігорску.

У плянах Міністэрства транспарту і камунікацый штогод прыводзіць да ладу прыкладна 1000 кілямэтраў аўтадарог.