Частка грамадзян Беларусі пакінула Афганістан на самалёце ад МЗС Украіны

Талібы каля аэрапорту Хаміда Карзая ў Кабуле

Раней беларускае МЗС рэкамэндавала беларусам, якія апынуліся ў Афганістане, зьвяртацца па дапамогу ў беларускую амбасаду ў Таджыкістане.

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба паведаміў, што ўкраінскі самалёт забраў з Кабулу грамадзян шэрагу краін — Украіны, Нідэрляндаў, Харватыі, Афганістану і Беларусі.

Таксама ён паабяцаў далейшую дапамогу тым, хто зьвернецца да ўкраінскіх уладаў.

15 жніўня рух «Талібан» бяз бою ўвайшоў у сталіцу Афганістану і ўзяў Кабул пад кантроль. Прэзыдэнт Ашраф Гані пакінуў краіну і прызнаў, што ўладу ў краіне зноў забралі талібы.

Злучаныя Штаты, Чэхія і шэраг іншых краін заявілі пра эвакуацыю сваіх дыпляматычных місій з Кабулу, а талібы абяцалі не нападаць на дыпляматаў. Таксама спрабуюць пакінуць Афганістан мясцовыя жыхары, якія супрацоўнічалі з амэрыканскімі арганізацыямі, бо баяцца рэпрэсій. Расея заявіла, што супрацоўнікаў сваёй амбасады эвакуаваць ня будзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Афганістану прызнаў перамогу талібаў і заявіў пра іх адказнасьць перад краінай

Відавочцы кажуць, што каля міжнароднага аэрапорту Кабулу часам здараюцца перастрэлкі. На ўзьлётна-пасадачнай паласе працягваецца паніка, тысячы людзей з рэчамі спрабуюць сесьці ў самалёт і вылецець з краіны. Пра гэта сьведчыць і відэа, зьнятае ў Кабуле ранкам 16 жніўня ўкраінскім журналістам Кірылам Лукеранкам.

У цяперашні час аэрапорт Кабулу кантралююць амэрыканскія сілы і саюзьнікі, якія таксама павінны пакінуць краіну пасьля эвакуацыі суграмадзян і дыпляматаў.

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз 15 жніўня заявіў, што грамадзяне Беларусі, якія жывуць ці апынуліся ў Афганістане нядаўна, могуць зьвярнуцца па дапамогу ў пасольства Беларусі ў суседнім Таджыкістане.

Што адбываецца ў Афганістане на гэты час

  • Прэзыдэнт Афганістану Ашраф Гані пайшоў у адстаўку.
  • Мясцовыя СМІ перадаюць, што ён пакінуў Афганістан і вылецеў у Таджыкістан. Тэлеканал Kabul News сьцьвярджае, што Ашраф Гані знаходзіцца ў Амане. Спраўдзіць гэта пакуль нельга.
  • У Фэйсбуку зьявіўся пост ад імя Гані, дзе ён кажа, што пакінуў пасаду, каб пазьбегнуць праліцьця крыві.
  • «Талібан» заявіў, што ў Афганістане ня будзе пераходнага ўраду, і ён чакае поўнай перадачы ўлады.
  • Паводле паведамленьняў з Кабулу, талібы ўвайшлі ў прэзыдэнцкі палац.
  • Талібы неўзабаве абвесьцяць аб стварэньні Ісламскага Эмірату Афганістан, перадае Associated Press са спасылкай на свае крыніцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такія талібы, хто імі кіруе і як яны дзейнічаюць. Тлумачым дэталі