Аляксандар Фядута 4 месяцы пад вартай: схуднеў, абвастрылася падагра, шмат чытае, допытаў няма

Аляксандар Фядута

Жонка палітвязьня расказала пра яго стан здароўя і дазвол на набыцьцё новых кніг.

Жонка палітычнага вязьня Аляксандра Фядуты Марына Шыбко расказала апошнія навіны ад мужа. Вядомы паліттэхноляг і філёляг ужо 4 месяцы знаходзіцца ў турме, так званай «амэрыканцы» ў цэнтры Менску, па абвінавачаньні ў «змове» супраць дзяржаўнага ладу.

Утрыманьне Фядуты пад вартай падоўжылі да 12 кастрычніка, але ён з турмы піша, што зьбіраецца сустрэць там і дзень нараджэньня, і Новы год.

Жонка перадала Фядуту ў камэру тэлевізар.

«Сьледчыя дзеяньні тры месяцы не праводзіліся, напэўна, не прыдумалі далейшы сцэнар „кіна“. Памяняліся сукамэрнікі, пра што журыўся, дзецюкі былі прыстойныя і „рукастыя“, што нават штаны яму ўшылі, якія „выходныя“, бо схуднеў. Сьпякоту перанёс ніштавата, вырвалі зуб вельмі ўдала, але аднавілася падагра, кульгае, а кіёчак нельга ўзяць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Упершыню прачытаў «Зьнесеных ветрам». Жонка Аляксандра Фядуты пра ягоныя тры месяцы ў «амэрыканцы»

Марына Шыбко адзначае, што Аляксандар вельмі рады, што аднавіліся закупкі кніг, ён набыў «Московскую сагу» Аксёнава, «Сандро из Чегема» Іскандэра, тры часткі «Чонкина» і «Путешествие дилетантов» Акуджавы.

Таксама жонка адзначае, што Фядута «падсадзіў» сукамэрнікаў на прозу Сяргея Даўлатава, абмеркаваньне якой перарасло ў сапраўдную чытацкую канфэрэнцыю.

«Піша, што не ўкладаецца ў галаве закрыцьцё НДА. Перадае прывітаньні ўсім сябрам, якія памятаюць і пішуць, нават калі не даходзяць лісты».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зьняволены ў СІЗА КДБ Рыгор Кастусёў мае патрэбу ў тэрміновай шпіталізацыі,— дачка палітвязьня