Чытачы Zerkalo.io паведамілі, што 10 жніўня ў Чавусах Магілёўскай вобласьці адбыўся інцыдэнт са стралянінай. Відавочцы даслалі відэа, на якім відаць, што на полі супрацоўнікі міліцыі атачаюць мужчыну, у якога ў руках прадмет, падобны да сякеры.
Празь нейкі час міліцыянты пачалі страляць у чалавека, ён упаў.
Мяркуючы па відэа, усё адбываецца на полі непадалёк ад жылых дамоў. Спачатку мужчына падымае зь зямлі прадмет, падобны да сякеры, і пачынае адыходзіць убок. Да яго ідуць некалькі сілавікоў. У нейкі момант у бок мужчыны страляюць як мінімум чатыры разы, ён падае. Пасьля гэтага адзін зь міліцыянтаў распыляе яму ў твар балёнчык.
Пазьней на месца здарэньня прыехала хуткая дапамога. Ці застаўся чалавек жывы, пакуль невядома.
Мясцовыя жыхары таксама сказалі, што мужчына быў нецьвярозы і раней у яго адбыўся канфлікт з жонкай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год ад раненьня журналісткі Натальлі Лубнеўскай. Крымінальнай справы на сілавікоў дагэтуль нямаУпраўленьне ўнутраных спраў Магілёўскай вобласьці апоўдні 11 жніўня пракамэнтавала інцыдэнт. Там заявілі, што «мужчына зь сякерай пагражаў мясцовым жыхарам» і знаходзіўся ў стане алькагольнага ап’яненьня. Пасьля прыбыцьця на вуліцу Сіманава нараду міліцыі мужчына пачаў выкрыкваць пагрозы ўжо і ў бок сілавікоў. Міліцыянты стрэлілі ў паветра, але гэта, паводле іх вэрсіі, не спыніла чалавека.
У выніку давялося прымяняць табэльную зброю ўжо да парушальніка. Яго шпіталізавалі, пагрозы жыцьцю няма. Міліцыянты адзначаюць, што мужчыну 34 гады, ён неаднаразова судзімы. На яго завялі крымінальную справу за пагрозы жыцьцю міліцыянта.