Беларусь запрасіла Казахстан удзельнічаць у беларуска-расейскіх вучэньнях «Захад-2021»

Казаскія БМП на вучэньнях «Цэнтар-2019». Ілюстрацыйнае фота

Беларусь запрасіла вайскоўцаў Казахстану ўзяць удзел у супольных з Расіеяй вучэньнях «Захад-2021», якія пройдуць у верасьні.

Пра гэта паведаміла ў аўторак прэс-служба Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусі пасьля сустрэчы кіраўніка ведамства генэрал-лейтэнанта Віктара Хрэніна зь першым намесьнікам міністра абароны Казахстану — начальнікам генэральнага штабу генэрал-лейтэнантам Муратам Бектанавым.

«Падчас сустрэчы генэрал-лейтэнант Віктар Хрэнін адзначыў адзінства поглядаў на выклікі і пагрозы ва Ўсходнеэўрапейскім і Цэнтральнаазіяцкім рэгіёнах калектыўнай бясьпекі, даў высокую ацэнку ўзроўню вайсковага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Казахстан і Рэспублікай Беларусь і запрасіў казахстанскі кантынгент для ўдзелу ў вучэньнях „Захад-2021“», — адзначылі ў беларускім абаронным ведамстве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Захад-2021“ істотна адрозьніваецца ад вучэньняў 2017-га». Аналітык — пра напружаны верасень для NATO, Украіны і заходніх суседзяў Беларусі

Супольныя стратэгічныя вучэньні Беларусі і Расеі «Захад-2021» пройдуць на палігонах дзьвюх дзяржаваў з 10 па 16 верасьня. Тэма — «Ужываньне груповак войскаў (сілаў) у інтарэсах гарантаваньня ваеннай бясьпекі саюзнай дзяржавы».

Вучэньні сэрыі «Захад» праводзяцца на тэрыторыі Беларусі раз на чатыры гады.