Адбіткі пальцаў, пробы ДНК, запіс голасу: беларусаў ставяць на ўлік за ўдзел у пратэстах

Акцыя ў Менску, 8 верасьня 2020

Жыхароў розных гарадоў па ўсёй Беларусі выклікаюць у мясцовыя аддзяленьні міліцыі, каб паставіць на адмысловы ўлік за ўдзел у пратэстных акцыях.

Усе, каго цяпер выклікаюць, раней затрымліваліся і былі асуджаныя паводле «народнага артыкулу» 23.34 КаАП (парушэньне закону аб масавых мерапрыемствах). Адлік справаў вядзецца ад 9 жніўня мінулага году, паведамляе тэлеканал «Белсат».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спэцапэрацыю зрабілі». У жыхара Наваградку забралі машыну, бо ён не сплаціў штрафу за мітынг

Так, у Горадні ў гараджанаў бралі адбіткі пальцаў, пробы ДНК (сьліна), фатаграфавалі і запісвалі іх голас. У Лідзе выклікалі для пастаноўкі на ўлік мінімум 130 чалавек, ад фота і ДНК там можна адмовіцца.

Ад пачатку сёлетняга лета некаторых з гэтых людзей выклікалі ў пракуратуру падпісаць дакумэнт аб тым, што яны ня будуць удзельнічаць у акцыях пратэсту.

Вядомыя таксама выпадкі тэлефанаваньняў і запрашэньняў у міліцыю «на прафіляктычную гутарку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За што ж я змагалася?» Мянчанка расказала, як уцякла ў Польшчу і трапіла ў лягер для ўцекачоў

Паводле праваабаронцаў, ад пачатку мінулагодняй прэзыдэнцкай кампаніі праз затрыманьні, адміністрацыйныя арышты і штрафы ў Беларусі прайшлі блізу 40 тысяч чалавек. Звыш 600 арыштаваных прызнаныя палітычнымі вязьнямі.

Агулам, згодна статыстыкі сілавых структураў, заведзена больш за 4600 крымінальных справаў.