У Беларусі рыхтуюць пераклад і выданьне трэцяй кнігі пра Гары Потэра

Перакладчыца кніг пра Гары Потэра на беларускую мову Алена Пятровіч

Выдавецтва пачало продаж папярэдніх дзьвюх кніг, а трэцюю выпусьціць у сярэдзіне кастрычніка.

Выдавецтва «Янушкевіч» анансавала дату выхаду трэцяй кнігі Джоан Роўлінг «Гары Потэр і вязень Азкабана». Яна пабачыць сьвет 16 кастрычніка 2021 году. Пра гэта выдавецтва напісала ў сваім тг-канале.

Над выданьнем працуюць: перакладчыца Алена Пятровіч, рэдактарка Натальля Давыдоўская, карэктарка Наста Анцімонік, дызайнэрка Крысьціна Іванцова. Аснова вокладкі — ад мастака Браяна Сэлзьніка (ЗША).

Чытачоў чакае выданьне на 450 старонках, на выбар у цьвёрдай і мяккай вокладцы. Ужо зараз можна прачытаць і спампаваць фрагмэнт кнігі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спынілі справу супраць беларускіх кніжных выдавецтваў

16 жніўня, роўна за два месяцы да выхаду кнігі, на booksbox.by адкрыюць папярэднюю замову. Найлепшая прапанова па цане будзе напачатку, потым цана будзе паступова падвышацца.

Раней выдавецтва надрукавала дзьве кнігі пра Гары Потэра ў перакладзе на беларускую. Інтэрнэт-кнігарня januskevic.by прапануе першыя дзьве кнігі ў мяккай вокладцы, на белай паперы. Цана будзе да 20 рублёў. А 31 ліпеня і 1 жніўня першыя дзьве кнігі пра Гары Потэра прадаюцца ў цьвёрдай вокладцы са зьніжкай 15%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На 64-м годзе памёр пісьменьнік і выдавец Уладзімер Сіўчыкаў. У яго быў каранавірус
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «...кропка» Алеся Клышкі ў шматкроп’і беларускай гісторыі