«Ня проста пад кантролем, а з дазволу дзяржаўнай вэртыкалі». Лукашэнка расказаў, як ён бачыць працу СМІ

Ілюстрацыйнае фота. Акцыя салідарнасьці з затрыманымі журналістамі, верасень 2020 году

На сустрэчы з актывам мясцовай вэртыкалі 30 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра «інфармацыйныя атакі на Беларусь» і расказаў, як, паводле яго, павінны працаваць СМІ.

Паводле яго, цяпер у Беларусі «завяршаецца сыстэмная работа па навядзеньні парадку ў інфармацыйным полі».

«Тут важна разумець: мы змагаемся не з іншадумствам або рознымі думкамі. Крый божа. Пад гэтую марку выразаць розныя пункты гледжаньня — усё, прападзем, загіне краіна. Проста свабода слова, якую мы абараняем канстытуцыйна, сёньня перарасла ў экстрэмісцкую дзейнасьць. І супраць гэтага мы будзем змагацца жорстка і рашуча. Мы не адступім», — заявіў Лукашэнка, якога цытуе БЕЛТА.

Паводле Лукашэнкі, улады Беларусі «заўжды ўспрымалі крытыку адэкватна», але «адна гісторыя — крытыкаваць уладу, іншая — заклікаць да бунту і крывавых расправаў з тымі, хто не падтрымлівае гэтыя так званыя рэвалюцыйныя, бандыцкія настроі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты

Ён паставіў задачу мясцовай вэртыкалі ўлады больш актыўна працаваць з рэгіянальнымі сродкамі масавай інфармацыі. Паводле Лукашэнкі, кожны старшыня выканкаму павінен мець дакладнае ўяўленьне, якія СМІ і іншыя інфармацыйныя рэсурсы працуюць у ягоным горадзе ці раёне, якую рэдакцыйную палітыку яны праводзяць, якой падтрымкай насельніцтва карыстаюцца.

«Намесьнік старшыні, які курыруе пытаньні ідэалёгіі і інфармацыі, павінен у твар ведаць усіх журналістаў, блогераў, адміністратараў тэлеграм-каналаў і чатаў, якія пражываюць і працуюць у раёне, працаваць зь імі асабіста. Усё павінна быць ня проста пад кантролем, а рабіцца з вашага дазволу», — заявіў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра няўрадавыя арганізацыі і СМІ: «Ідзе зачыстка»

У 2020 годзе было зафіксавана:

  • 480 затрыманьняў журналістаў;
  • 97 фактаў, калі журналісты адбывалі адміністрацыйныя арышты;
  • журналісты правялі за кратамі больш за 1200 дзён;
  • пасьля дня выбараў 9 жніўня было зафіксавана як мінімум 62 факты фізычнага гвалту ў дачыненьні да журналістаў;

З пачатку 2021 году (статыстыка на сярэдзіну ліпеня):

  • адбыліся 87 затрыманьняў журналістаў і 107 ператрусаў;
  • зафіксавана 6 фактаў нападу на журналістаў пры выкананьні імі прафэсійных абавязкаў;
  • 21 раз журналісты адбывалі адміністрацыйны арышт;
  • 38 разоў ім прызначаліся штрафы. Агульная сума штрафаў — 46 тысяч беларускіх рублёў.

На цяперашні момант за кратамі застаюцца 27 прадстаўнікоў СМІ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Працаваць журналістам незалежнага СМІ раўназначна самагубству». Як выданьні перажываюць ціск уладаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заява БАЖ: неадкладна спыніць зьнішчэньне незалежных мэдыяў