Сьледчы камітэт заявіў пра 4691 справу, заведзеную за пратэсты ў Беларусі

Дзьмітры Гара, кіраўнік Сьледчага камітэту.

У СК назвалі два найпапулярнейшыя артыкулы, паводле якіх заводзілі крымінальныя справы на беларусаў у першым паўгодзьдзі 2021 году.

Сьледчы камітэт падсумаваў вынікі працы за палову 2021 году, там прызналі, што асноўныя намаганьні арганізацыі канцэнтруюцца на «выяўленьні, спыненьні і дасьледаваньні абставінаў крымінальных праяў, спалучаных зь незаконнымі масавымі мерапрыемствамі, беспарадкамі, пратэставымі акцыямі, замахам на дзяржаўны сувэрэнітэт і грамадзкую бясьпеку, наўмыснае зьнішчэньне і пашкоджаньне маёмасьці, гвалтам і пагрозамі ў дачыненьні службовых асоб і членаў іх сем’яў».

Агулам за паўгода сьледчыя падразьдзяленьні завялі 4691 крымінальную справу па 4196 «фактах такіх праяў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыцягненьне вайскоўцаў, блякаваньне інтэрнэту. Лукашэнка падпісаў законы аб «надзвычайным становішчы»

Большасьць складаюць справы па арт. 341 (апаганеньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

У суд накіравалі 825 справаў. Старшыня СК Дзьмітры Гара заявіў, што «адказнасьць такіх асоб няўхільная».

Менавіта Гара — у 2020 годзе намесьнік генэральнага пракурора — узначальваў камісію, якая абяцала расьсьледаваць факты зьбіцьця людзей сілавікамі. У выніку не завялі ніводнай крымінальнай справы ні на каго з прадстаўнікоў сілавых ведамстваў. Пра дзейнасьць той камісіі няма ніякай інфармацыі. Сам Гара неўзабаве ўзначаліў Сьледчы камітэт.

Праваабаронцы па стане на 29 ліпеня прызналі палітвязьнямі 597 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральная пракуратура завяла 4 200 крымінальных справаў, зьвязаных з экстрэмізмам і тэрарызмам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ восем чалавек. Цяпер іх 597
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мне прыйшло паведамленьне, што па мяне прыйдуць». Журналіст Ігар Ільяш пра крымінальную справу і адмову зьяжджаць з краіны