Суд над Сьцяпанам Латыпавым зноў адклалі праз стан здароўя палітвязьня

Сьцяпан Латыпаў

Латыпава не прывезьлі ў суд пасьля дадатковага абсьледаваньня. Працэс адновіцца 2 жніўня.

Суд над палітзьняволеным жыхаром «Плошчы Пераменаў» Сьцяпанам Латыпавым 30 ліпеня не адбыўся. Яго не прывезьлі ў суд з прычыны стану здароўя. З суду Савецкага раёну ўчора лекары хуткай дапамогі накіравалі яго на дадатковае абсьледаваньне.

Судзьдзя Аляксандар Воўк заявіў, што на працэс Латыпава не даставілі праз стан здароўя, што пацьвярджае даведка, паведамляе Вясна.

Суд працягнецца 2 жніўня.

Перад пасяджэньнем 29 ліпеня Сьцяпан Латыпаў працяглы час адчуваў сябе дрэнна. Перад судом ён казаў, што раніцай у яго быў ціск 160 на 90. Сьцяпан растлумачыў, што ў яго галавакружэньне і ён зь цяжкасьцю сочыць за працэсам.

Сам палітвязень цяпер у СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьню Сьцяпану Латыпаву ў судзе стала блага. Выклікалі «хуткую», але яна не забрала падсуднага

Хто такі Сьцяпан Латыпаў

  • Сьцяпана Латыпава затрымалі 15 верасьня ў ягоным двары каля муралу з выявамі «дыджэяў перамен». Яго падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў.
  • 1 чэрвеня зрабіў спробу суіцыду проста падчас судовага паседжаньня. Заявіўшы з клеткі, што яго гвалтам прымушаюць зрабіць хлусьлівае прызнаньне, а іначай рэпрэсіі перакінуцца на сваякоў і суседзяў, ён уваткнуў сабе ў горла тонкі прадмет і потым пачаў рэзаць рукі.
  • Перанёс апэрацыю. На наступны дзень стала вядома, што яго забралі з шпіталя ў СІЗА на вуліцы Валадарскага. Пасьля гэтага ён прайшоў псыхіятрычную экспэртызу ў Навінках.
  • Сьцяпану Латыпаву 40 гадоў. Родам ён зь Берасьцейскай вобласьці, вучыўся ў беларускай школе. Бацькі — біёлягі. Прафэсіі — арбарыст, прамысловы альпініст 5 разраду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былая жонка Сьцяпана Латыпава: «Гэта было абсалютна ўзаемна»