Мінімум 1 000 000 даляраў. Падлічылі, колькі беларусы сплацілі штрафаў за пратэсты

Пратэсты ў Беларусі, 12 жніўня 2020 г.

На падставе зьвестак Праваабарончага цэнтру «Вясна» журналісты паспрабавалі высьветліць, колькі дзяржаўны бюджэт зарабіў на пратэстоўцах.

«Наша Ніва» ахапіла пэрыяд з 28 ліпеня 2020 году па 28 ліпеня сёлета, калі суды разглядалі справы паводле артыкулаў 24.23 (раней 23.34) і 24.3 (раней 23.4) КаАП — удзел ці арганізацыя незаконнага масавага мерапрыемства і непадпарадкаваньне службовай асобе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральная пракуратура завяла 4 200 крымінальных справаў, зьвязаных з экстрэмізмам і тэрарызмам

Летась паводле гэтых артыкулаў аштрафавалі 3342 чалавекі на 60 683 базавыя велічыні. Гэта 1 638 441 рубель (летась базавая складала 27 рублёў). Ад студзеня да ліпеня штрафы атрымалі 564 чалавекі на 35 866 базавых. Гэта 1 040 114 рублёў (базавая сёлета вырасла да 29 рублёў, павялічылася і максымальная сума пакараньня).

Такім чынам, агульная сума штрафаў — прынамсі 2 678 555 рублёў за год. Сума падлічаная паводле зьвестак праваабаронцаў, якія прызнаюць, што маюць інфармацыю не аб усіх справах, таму дакладная лічба, хутчэй за ўсё, большая.