Таемны сэнс імітацыі. У чым хітрая задума з канстытуцыйнай рэформай?

Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка прысягае на Канстытуцыі падчас цырымоніі інаўгурацыі прэзыдэнта, 6 лістапада 2015 году

Хоць справа з канстытуцыйнай рэформай пакрысе рухаецца, улады дагэтуль уцямна не растлумачылі грамадзтву, навошта тая новая Канстытуцыя краіне патрэбная.

Сьцісла:

  • Ідэя канстытуцыйнай рэформы зьявілася ў палітычным парадку дня зь верасьня 2020 году як сродак заспакаеньня грамадзтва.
  • Аднак гэты мэсыдж як не працаваў летась, так не працуе і цяпер.
  • Самае дзіўнае, што і прыхільнікі Лукашэнкі ня надта разумеюць, навошта патрэбная новая Канстытуцыя.
  • Сам па сабе праект Канстытуцыі, яго зьмест ня так і важны. Больш важнае пытаньне аб тым, што будзе пасьля рэфэрэндуму аб Канстытуцыі.
  • Пакуль усе развагі адбываюцца ў сытуацыі вялікай нявызначанасьці.
  • Дрэнна тое, што дэмакратычныя сілы, іх лідэры пакуль ніяк не абмяркоўваюць тактыку прыхільнікаў пераменаў у ходзе маючага адбыцца рэфэрэндуму аб Канстытуцыі.

Канстытуцыйны працэс у Беларусі ў самым разгары. Дзяржаўныя мэдыя аддаюць яму немалую ўвагу. Аднак самае дзіўнае ва ўсёй гэтай палітычнай кампаніі палягае ў тым, што ніхто ўцямна не растлумачыў грамадзтву, дзеля чаго гэта робіцца, навошта краіне патрэбная новая Канстытуцыя. Здаецца, ніхто і не зьбіраецца тлумачыць. Можна толькі ўзгадаць нейкія рэплікі Лукашэнкі дзьвюх-трохгадовай даўнасьці, што ён ня хоча пакідаць пераемніку вялізныя прэзыдэнцкія паўнамоцтвы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канстытуцыйная камісія падрыхтавала зьмены, паводле якіх Лукашэнка ня быў бы прэзыдэнтам

Ідэя канстытуцыйнай рэформы зьявілася ў палітычным парадку дня зь верасьня 2020 году, на піку масавых пратэстаў. Магчыма, з падачы Масквы. Яна павінна была стаць сродкам заспакаеньня грамадзтва. Маўляў, вы хочаце пераменаў, дык вось вам перамены. Гэта павінна было стаць нечым накшталт перніка для пратэстоўцаў, каб паказаць, што сама ўлада гатовая да нейкіх рэформаў, таму няма неабходнасьці выходзіць на вуліцу.

Аднак гэты мэсыдж як не працаваў летась, так не працуе і цяпер. Пратэстуючая частка грамадзтва не ўспрымае канстытуцыйную рэформу як саступку ўлады. Тым больш што яе прадстаўнікі не былі ўцягнутыя ў гэты працэс. То бок, канстытуцыйны працэс ня стаў сродкам кампрамісу, пераадоленьня расколу ў грамадзтве. Дый улады ня надта пра гэта клапоцяцца.

Самае дзіўнае, што і прыхільнікі Лукашэнкі ня надта разумеюць, навошта патрэбная новая Канстытуцыя. Маўляў, усё ж добра, мы перамаглі, і навошта ў такім разе мітусіцца, ладзіць новую маштабную палітычную і электаральную кампанію? Ад мінулагодняй кампаніі яшчэ не ачухаліся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падпісаліся 26 чалавек з 36». Праўладны аналітык аб дзейнасьці канстытуцыйнай камісіі

Сам па сабе праект Канстытуцыі, яго зьмест ня так і важны. Зразумела, што гэты дакумэнт Лукашэнка рыхтуе для самога сябе, для рэалізацыі ўласных палітычных задач. Беларускае грамадзтва ў гэтым працэсе не бярэ ніякага ўдзелу.

Больш важнае пытаньне аб тым, што будзе пасьля рэфэрэндуму аб Канстытуцыі. Калі яна ўступіць у дзеяньне? Ці пройдуць датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары? Ці будзе ў іх удзельнічаць Лукашэнка? Калі ня будзе, то якую іншую пасаду ён сабе падрыхтаваў? А надрукаваны праект Канстытуцыі — гэта інструмэнт, своеасаблівы індыкатар, які дазваляе ацаніць кірунак і альгарытм магчымага працэсу пераменаў.

Цяпер вылучаюцца розныя вэрсіі, часам самыя экзатычныя: навошта патрэбная кіроўнаму рэжыму гэтая канстытуцыйная рэформа? У чым палягае таемны плян? Адны кажуць, што ўсё гэта адбываецца пад ціскам Пуціна, які прымушае Лукашэнку да транзыту ўлады. Большасьць упэўненая, што Лукашэнка ніколі ня сыдзе ў адстаўку, будзе чапляцца за ўладу пажыцьцёва, а цяперашні канстытуцыйны працэс — гэта суцэльная імітацыя. Але ж і імітацыя павінна мець нейкі сэнс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Двубой Канстытуцыяў. Спрэчка Карбалевіча і Лябедзькі

Пакуль усе развагі адбываюцца ў сытуацыі вялікай нявызначанасьці. Магчыма, Лукашэнка забракуе надрукаваны праект Канстытуцыі. Дарэчы, у ім няма пераходных артыкулаў, пра тое, напрыклад, калі пасьля рэфэрэндуму новы Асноўны Закон уступіць у дзеяньне.

Дрэнна, што дэмакратычныя сілы, іх лідэры пакуль ніяк не абмяркоўваюць тактыку прыхільнікаў пераменаў у ходзе маючага адбыцца рэфэрэндуму аб Канстытуцыі. Вось Сяргей Навумчык піша ў фэйсбуку: «Самае горшае, што цяпер могуць зрабіць праціўнікі Лукашэнкі, — уцягнуцца ў гульню „канстытуцыйная рэформа“ — са сваім праектам». Па-першае, ужо ўцягнуліся. Па-другое, што прапаноўваецца ўзамен? Добрых варыянтаў тут няма. Байкот? Магчыма, сапраўды іншага выйсьця проста не застанецца. Аднак я ўпэўнены, што калі б мінулым годам перамагла тактыка байкоту, то масавага пратэсту ў Беларусі не адбылося б.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.