Асуджанага за «Партызанскі марш», які скардзіўся на згвалтаваньне дубінкай, зноў судзяць

Прадпрымальнік Віктар Барушка падчас судовага працэсу, студзень 2021 году.

Палітвязьню Віктару Барушку, які адбывае 5 гадоў калёніі, пагражае дадатковы тэрмін за «непадпарадкаваньне адміністрацыі».

Судзяць яго з 12 ліпеня. Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», у Магілёве 28 ліпеня ў папраўчай калёніі № 15 павінна было прайсьці новае паседжаньне ў крымінальнай справе супраць Віктара Барушкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Білі, дубінку ў азадак засоўвалі». Падсудны ў Менску заявіў пра гвалт у міліцэйскім пастарунку

Менскі прадпрымальнік, які адбывае 5 гадоў узмоцненага рэжыму, цяпер абвінавачваецца ў «злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы» (ч. 2 арт. 411 КК). Аднак пазьней стала вядома, што працэс перанесены рашэньнем судзьдзі. Прычыны не называюцца, новая дата слуханьняў — таксама.

33-гадовага Віктара Барушку затрымалі летась 18 кастрычніка падчас менскага «Партызанскага маршу». Пасьля арышту ён правёў 12 дзён у рэанімацыі лякарні хуткай дапамогі з ударамі і траўмамі. На судзе мужчына заяўляў аб зьбіцьці і катаваньні з боку сілавікоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракурор патрабуе 5 гадоў турмы для менчука, які пасьля затрыманьня 12 дзён правёў у рэанімацыі

27 студзеня судзьдзя Ленінскага раёну Менску Марына Запасьнік пакарала прадпрымальніка 5 гадамі пазбаўленьня волі з адбываньнем ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Столькі ж прасіў пракурор.

На падставе новай крымінальнай справы, якую ініцыявала адміністрацыя магілёўскай калёніі, Віктару Барушку пагражае яшчэ да 2 гадоў дадаткова.